Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў: шэсце «афганцаў», ускладанне кветак, пара кілішкаў


У Менску адзначылі 29-ю гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістану. На востраў Мужнасці і Смутку прыйшлі больш як 5000 менчукоў.

Да манументу ўсклалі вянкі і кветкі. Прысутныя ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання. Прагучалі залпы салюту.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі працытаваў пасланне Лукашэнкі ветэранам вайны ў Афганістане.

«Трывожныя выклікі сучаснасці штодня нагадваюць нам пра каштоўнасць міру і надаюць усё большую значнасць захаванню памяці аб мужнасці і гераізме нашых вайскоўцаў. Мы ніколі не забудзем аб подзвігу ветэранаў войнаў і лакальных канфліктаў, у якіх бралі ўдзел беларусы, і не дапусцім уцягвання з роднага краю ў бездань хаосу і разладу», – напісана ў звароце Лукашэнкі.

У мерапрыемстве паўдзельнічалі іншыя чыноўнікі, кіраўнікі сілавых ведамстваў, дэпутаты, ветэраны з сем’ямі, актывісты.

Апошняя калона савецкіх войскаў пакінула Афганістан 15 лютага 1989 года. Праз гэтую вайну прайшлі амаль 29 тысяч грамадзянаў нашае краіны. За час канфлікту загінулі больш за 700 беларускіх ваяроў-інтэрнацыяналістаў.

У 2008 годзе ветэранаў вайсковых дзеянняў, што не мелі раненняў і кантузіяў, пазбавілі большасці сацыяльных гарантыяў. Да таго ж ветэраны Афганскае вайны падзеленыя на некалькі катэгорыяў, у залежнасці ад таго, ці былі яны параненыя і кантужаныя.

ДР belsat.eu

Фота Вячаслаў Радзіміч

Стужка навінаў