Дзень «Белсата» у судзе: адразу чатырох журналістаў судзяць за прафесійную дзейнасць

video

За супрацу з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі МЗС суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў чатырох журналістаў вялікім штрафамі: Кацярына Андрэева і Сяргей Кавалёў атрымалі па 50 базавых велічынь (1150 рублёў), а Марыя Арцыбашава і Алесь Сіліч па 35 базавых велічынь (805 рублёў).

16.55. Марыя Арцыбашава пракаментавала рашэнне па сваёй справе так:

«Прысуд 35 базавых – гэта крышачку шакавала. Мы разумелі, што будуць штрафы, ніхто ў гэтым не сумняваўся. Але 35 базавых велічынь – гэта занадта. Гэта чарговы раз дэманструе, якая ў нас краіна, якая ў нас судовая сістэма».

16.40. «Калі б гэта быў сапраўдны судовы працэс, то там можна было б чапляцца ледзь не за кожную літару пратаколу, бо там няпраўда на няпраўдзе. Уражанне такое, што рашэнне было прынята загадзя. Адзіны пазітыў – тое, што суддзя пагадзіўся весці працэс на беларускай мове», – адзначыў Алесь Сіліч пасля суду.

16.20. Іван Касцян агучыў рашэнне суду: Арцыбашава і Сіліч атрымалі па 35 базавых велічынь (805 рублеў) штрафу кожны.

15.28. Разгляд справы скончаны. Сведкаў не выклікалі. Суд выдаляецца для прыняцця рашэння.

Арцыбашава і Сіліч чакаюць рашэння суду.

15:17 Алесь Сіліч таксама не прызнае сваю віну. Ён падкрэслівае, што не зʼяўляецца супрацоўнікам «Белсату» – ен журналіст-фрылансер і не абавязаны мець акрэдытацыю МЗС.

15:12 Арцыбашава не прызнае сваю віну. Яна кажа, што не займаецца распаўсюдам прадукцыі СМІ, а з’яўляецца фрылансерам, таму не абавязаная мець акрэдытацыю МЗС.

«Я не разумею ў чым нас вінавацяць. Мы мелі права весці гэтыя здымкі», – кажа Арцыбашава.

15:10 Арцыбашава заяўляе хадатайніцтва: яна просіць весці судовы працэс па-беларуску і дазволіць відэаздымкі. Хадатайніцтва наконт мовы задаволена – суддзя Іван Касцян адразу перайшоў на беларускую мову.

15:08 Суд пачаўся. Суддзя зачытвае адміністратыўныя пратаколы, складзеныя на Сіліча і Арцыбашаву за працу на акцыі раварыстаў каля опернага тэатру 28 ліпеня.

15:00 Марыю Арцыбашаву і Алеся Сіліча запусцілі ў залю паседжання. Справу разглядае Іван Касцян, які сення раніцай аштрафаваў Кацярыну Андрэеву і Сяргея Кавалева.
Алесь Сіліч і Марыя Арцыбашава на судзе

 

Алесь Сіліч

 

Марыя Арцыбашава

 

***
Кацярына Андрэева, якая не прысутнічала на паседжанні, пракаментавала рашэнне суду:

«Іван Касцян і раней удзельнічаў у палітычных справах: увесну ён адправіў на Акрэсціна некалькі актывістаў. Назваць суддзём гэтага чалавека складана – сённяшняе паседжанне яшчэ раз пацвердзіла як некампетэнтнасць Касцяна, так і несправядлівасць беларускай судовай сістэмы ў цэлым. Вельмі прыкра, што ўлада стварае мне штучныя перашкоды і не дае займацца любімай справай. Тым не менш, такімі метадамі немагчыма спыніць свабодную журналістыку. Мы з калегамі акумулюем сілы і з новага сезона пачнем працаваць яшчэ больш і лепш».

10:44 Іван Касцян агучыў рашэнне суду: Кацярына Андрэева і Сяргей Кавалёў атрымліваюць штраф у памеры 50 базавых велічынь (1150 рублёў) кожны.

10:28 Паседжанне скончылася, чакаецца рашэнне. Разгляд справы заняў 20 хвілінаў. Сведкаў у суд не выклікалі.

10:17 Да матэрыялаў далучаныя раздрукоўкі фотаздымкаў Андрэевай і Кавалева, зробленыя падчас іх працы 3 ліпеня і 29 ліпеня.

10:11 Суддзя Іван Касцян зачытвае адміністратыўныя пратаколы, складзеныя на журналістаў за акцыю пратэсту 3 ліпеня і святкаванне Дня дэсантніка 29 ліпеня. Іх вінавацяць ў працы без акрэдытацыі МЗС.

10:09 Суд прыняў рашэнне разглядаць справу ў адсутнасці Кацярыны Андрэевай і Сяргея Кавалева.

10:07 Прыйшоў суддзя Іван Касцян. Паседжанне пачалося.

10:00 У суд пачалі запускаць журналістаў і назіральнікаў, але Кацярына Андрэева і Сяргей Кавалеў на суд не з’явіліся. Ці адбудзецца паседжанне ў гэтай сітуацыі – невядома.

Суд над журналістамі Белсату

«Улады хочуць канчаткова вырашыць пытанне »Белсату«. Не толькі ў Беларусі, але і на міжнародным узроўні. Вельмі важна, каб «Белсат» захаваўся», – распавядае прэс-сакратар БАЖу Барыс Гарэцкі, які прыйшоў на суд.

Пачатак суда а 10:00.

***

25 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску разгледзіць адміністратыўныя справы Кацярыны Андрэевай, Сяргея Кавалёва, Марыі Арцыбашавай і Алеся Сіліча – журналістаў вінавацяць у «парушэннi заканадаўства аб СМІ» (ч.2 арт. 22.9 КоАП) у выглядзе супрацы з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі МЗС.

«Такая актывізацыя ціску на журналістаў «Белсату» менавіта цяпер азначае, што ўлады рыхтуюцца да восеньскай пратэстнай кампаніі, якую анансавала апазіцыя. Праўда, мэта гэтага ціску не зусім зразумелая, бо вядома, што штрафы гэта не тое, чаго баяцца журналісты – яны іх сплочваюць і працягваюць працаваць. Відаць, улады проста хочуць нагадаць журналістам, каб тыя не расслабляліся, бо за імі пільна сочаць. Але магу запэўніць улады, што нашыя журналісты не перастануць весці трансляцыі, пісаць матэрыялы на сайт і надалей рабіць сваю працу», – кажа афіцыйны прадстаўнік «Белсату» у Беларусі Аляксей Мінчонак.

На Кацярыну Андрэеву і Сяргея Кавалёва былі складзены пратаколы за стрым з акцыі пратэсту 3 ліпеня і святкаванне Дня дэсантніку 29 ліпеня. Паседжанне мусіць пачацца а 10-й раніцы.

Кацярына Андрэева на судзе прысутнічаць не будзе – паводле журналісткі, такім чынам яна пратэстуе супраць пераследу за прафесійную дзейнасць, а таксама выказвае недавер судовай сістэме.

У 2017 годзе Кацярыны Андрэеву судзілі ўжо двойчы. 12 сакавіка журналістку затрымалі ў Воршы пасля «маршу недармаедаў», з якога яна вяла стрым. Тады Кацярына Андрэева правяла ноч за кратамі. На наступны дзень Аршанскі гарадскі суд прысудзіў Кацярыне штраф у памеры 30 базавых за «непадпарадкаванне міліцыі» і «парушэнне закону аб СМІ». 4 траўня суд Савецкага раёну Менску завочна прысудзіў журналістцы штраф у памеры 45 базавых велічынь (1035 рублёў) за працу на «маршы недармаедаў» у Берасці 5 сакавіка.

На Алеся Сіліча складзены пратакол за здымкі акцыі раварыстаў каля опернага тэатру, у якой прымалі ўдзел толькі два чалавекі. Марыя Арцыбашава мяркуе, што яе будуць судзіць за той жа сюжэт, але дакладна гэтага не ведае – свой пратакол яна не бачыла і міліцыянты нічога журналістцы не тлумачылі. Судовае паседжанне над Сілічам і Арцыбашавай мусіць пачацца а 15-й.

Сёлета агульная сума штрафаў накладзеных на журналістаў «Белсату» склала больш за 11 тысячаў долараў.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары