Дыпламатыя скандалу: што не падзялілі Пуцін з Лукашэнкам?


На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка выказаў Дзяржсакратару Саюзнай дзяржавы Рыгору Рапоту прэтэнзіі па пастаўкам беларускіх харчоў у Расею ды кампрамісе па цане на газ. Тым часам у дачыненнях з Захадам адліга, а Уладзімір Макей нават сустракаецца з Оўбамай.

Нафтагазавы канфлікт з Расеяй працягваецца ўжо ня першы месяц, і ўжо ня першы месяц знаходзіцца ў стане, маўляў – вось-вось прыйдзем да паразумення. Тыдзень таму нават тэрміны былі агучаныя – пагадненне па газу мае быць дасягнутае цягам двух дзён. Аднак пасля таго, як віцэ-прэмʼер Уладзімір Сямашка вярнуўся з Масквы з пустымі рукамі, беларускі лідар выказаўся надзвычай востра.

«Мы «телепаемся», інакш не скажаш – вы напэўна ў курсе справы – ужо некалькі месяцаў не можам дамовіцца па коштам на газ. У сувязі з гэтым Расея зменшыла пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы гэта ўспрымаем як ціск на Беларусь, але разумейце, што ціску я цярпець ня буду і беларусы таксама», – заявіў Лукашэнка на сустрэчы з Рапотам.

Беларусь павінная «Газпрому» больш як $ 200 млн за газ. Менск жа падкрэслівае, што цана ў 142 долары за тысячу кубаметраў несправядлівая, улічваючы хаўрусныя дачыненні краінаў і прапаноўвае зменшыць яе прыкладна ўдвая. Здавалася б – варта ўзмацніць намаганні ды ўтрымаць стары хаўрус, але на гэтым тыдні кіраўнік айчыннай дыпламатыі ў Нью-Ёрку правёў цэлы шэраг сустрэчаў з амерыканскімі чыноўнікамі – у тым ліку з прадстаўніком Пентагону.

«Расея сёння экспартуе свой унутраны эканамічны крызіс ува ўсе краіны постсавецкае прасторы. З-за таго, што нашыя эканомікі вельмі моцна звязаныя адна з адной, гэта стварае вось такія праблемы для беларускай эканомікі», – лічыць Арсень Сівіцкі, кіраўнік Інстытуту стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў.

І адпаведна Масква не мае тых рэсурсаў, якія да ўкраінскага крызісу магла выдаткоўваць на інтэграцыйныя працэсы. Беларускі ж лідар не хавае свайго абурэння.

«Гэта ўжо надакучыла, гэта ўжо цераз край, далей так працягвацца ня можа. Я гэта кажу таму, каб вы разумелі, на якім фоне мы сёння размаўляем пра далейшае развіццё нашага саюзнага праекту. Гэта, ні ў якім выпадку не азначае зварот інтэграцыйных праектаў, але свой удзел мы будзем аптымізаваць», – паабяцаў Лукашэнка.

У сваю чаргу паводзіны Менску не задавальняюць Маскву. Адкрыта нейтральная пазіцыя па ўкраінскім канфлікце, курс на выпраўленне дачыненняў з Захадам і пры гэтым – патрабаванні далейшага эканамічнага падтрымання. А тут яшчэ і пагрозы «аптымізаваць» інтэграцыю.

«Гэта проста такі фармат перамоўны паміж Беларуссю і Расеяй – можна назваць гэта ўмоўна «дыпламатыяй скандалу» або «дыпламатыяй канфлікту», калі справы такога парадку пра кошты на газ і нафту вырашаюцца толькі тады, калі канфлікт пераходзіць на вышэйшы ўзровень», – лічыць Дзяніс Мельянцоў, старэйшы аналітык Інстытуту стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў.

Застаецца пытанне – ці нядаўнія вучэнні на Лепельскім палігоне пры ўдзеле ўнутраных войскаў МУС па зачыстцы і блакаванні захопленага сепаратыстамі населенага пункту таксама застаюцца ў межах гэтай дыпламатыі скандалу?

«Гэта такія сігналы для нашых партнёраў на Усходзе, што Беларусь падрыхтаваная да любога сцэнара развіцця сітуацыі нашых стасункаў з Расеяй, нават да самага канфліктнага», – лічыць Сівіцкі.

З другога боку беларуска-расейскай мяжы таксама ідуць спрэчныя «сігналы». Яшчэ ўлетку Расея ўзмацніла групоўку войскаў на заходняй мяжы – двума брыгадамі – нібыта ў сувязі з актыўнасцю блоку НАТО. Эксперты супакойваюць – каб захаваць уплыў на нашую краіну, Крамлю войскі не спатрэбяцца.

«Канешне Расея зацікаўленая, каб захаваць Беларусь у сваёй арбіце, але з іншага боку мяркую, што ў расейскім кіраўніцтве ўпэўненыя, што Беларусь і так нікуды не дзенецца з-за залежнасці эканамічнай і палітычнай залежнасці», – кажа Мельянцоў.

Бо каб сапраўды вырвацца з гэтай арбіты, аднаго толькі пацяплення дачыненняў мала. А на інтэграцыю з Еўразвязам на ўзор Украіны, ці прынамсі на рэальныя ліберальныя рэформы, як паказалі хоць бы нядаўнія парламенцкія выбары, афіцыйны Менск ісці не гатовы.

Усевалад Шлыкаў

Рэпартаж «Дыпламатыя скандалу» ўпершыню выйшаў у эфіры «Белсату» 23 верасня ў выданні «ПраСвету».

Глядзі таксама
Каментары