Два выбухі прагрымелі ў Турцыі – дзясяткі загінулых, падазраюць смяротніка

urgent

Два выбухі прагрымелі на дарожнай развязцы ў цэнтральнай частцы сталіцы Турцыі Анкары, непадалёк ад чыгуначнага вакзалу.

Па папярэдніх дадзеных, у выніку выбухаў загінулі найменш 20 чалавек, яшчэ каля 100 атрымалі раненні.

Хутчэй за ўсё, колькасць загінулых будзе расці, падае Бі-Бі-Сі.

На фотаздымках, якія з’яўляюцца ў сацыяльных сетках, бачныя клубы дыму і целы загінулых, якія ляжаць на зямлі.

Дзяржаўнае турэцкае агенцтва «Анадолу» паведамляе, што прынамсі адна з бомбаў была прыведзеная ў дзеянне смяротнікам.

Улады краіны ўжо назвалі здарэнне тэрактам.

Як паведамляюць турэцкія медыі, выбухі прагрымелі перад пачаткам маршу «За мір і дэмакратыю», які павінен быў пачацца апоўдні па мясцовым часе пад лозунгамі з заклікам спыніць гвалт у дачыненні да сепаратыстаў з Працоўнай партыі Курдыстану.

Сярод арганізатараў антываеннага шэсця была і пракурдская партыя «HDP», на адным з мітынгаў якой у чэрвені, у горадзе Дыярбакір, таксама прагрымеў выбух.

Лідар «HDP» ужо адмяніў усе запланаваныя перадвыбарчыя мітынгі і абвінаваціў у падрыхтоўцы выбухаў у Анкары турэцкія ўлады.

МЯ, паводле bbc.com

Глядзі таксама
Каментары