«Для людзей з Дэбальцава наяўнасць на мапе Украіны Львова – гэта ўжо шок»


Пра жыццё ў горадзе Дэбальцава, што знаходзіцца ў зоне баёў на ўкраінскім баку фронту, «Белсат» распытаў журналістку расейскай «Новой газеты» Вольгу Мусафіраву, якая нядаўна адтуль вярнулася.

Дэбальцава – гэта невялікі горад, але важны чыгуначны вузел, заўважыла журналістка. Практычна ўвесь час жыхары гораду праводзяць у сутарэннях, выходзячы наверх толькі тады, калі абстрэл крыху сціхае. «Ступень небяспекі яны вызначаюць для сябе самі. Для чалавека, які прыязджае з боку, – гэта неймаверна, гэта адразу кідаецца ў вочы. Мы ідзем у бронекамізэльках і касках, а насустрач ідзе маладая пара і пра штосьці гамоніць пад выбухі кананады. Мы пытаемся, ці ім не страшна. «Страшна», – адказваюць, але ў іх такія стомленыя і асуджаныя твары, што наступнае пытанне задаць вельмі цяжка. Гэта людзі, якія перакрочылі рысу», – распавяла спадарыня Мусафірава.

Украінскія ўлады вядуць эвакуацыю мірных жыхароў, але тым нават пад абстрэламі вельмі цяжка пакінуць родныя сялібы, бо ўсё жыццё яны правялі ў адным месцы. «Людзі пры гэтым з жахам гавораць, што яны на цэлых 2 тыдні пакінуць свае хаты, бо дамы зоймуць «бандэраўцы», – заўважыла журналістка.

Мясцовыя жыхары, паводле яе, «бандэраўцамі» называе жаўнераў з Нацыянальнай гвардыі, «Правага сектару», добраахвотнікаў са Львова і Івана-Франкоўска. «Я разумею, што для людзей з Дэбальцава наяўнасць на мапе Украіны самога Львова і Івана-Франкоўска – гэта ўжо шок. Тое, што людзі адтуль могуць пераехаць і заняць іх хаты, яго гавораць усурёз. Яны гавораць сурёзна, што яны бачылі сваймі вачыма, як гэтыя жаўнеры гвалцяць жанчын, некуды забіраюць дзяцей. Нельга радавацца, што ў горадзе няма цяпла, святла і вады, але я радуюся, што нарэшце перастаў працаваць тэлевізар і яны не глядзяць «Россию24», бо людзі нашмат больш, нават у гэтым пункце, вераць расейскаму прапагандысцкаму тэлебачанню, чым сваім вачам», – выказалася прадстаўніца расейскай газеты.

Калі Захад дазволіць расейскім войскам пайсці да Адэсы, то нічога дзіўнага не будзе ў тым, калі расейскія танкі з’явяцца і ў Бруселі, мяркуе спадарыня Мусафірава.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў