«Die Zeit»: Вайна ў Сірыі – ідэальная для Пуціна


Нямецкае выданне тлумачыць, якія сапраўдныя выгады атрымаў Крэмль дзякуючы ўварванню ў Сірыю.

На гэтую тэму ў артыкуле пад загалоўкам «Ідэальная вайна Пуціна» разважае рэдактар аддзелаў палітыкі, меркаванняў і грамадства «Zeit Online» Штэфэн Добэрт.

«Пуцін выкарыстаў аналагічны ход у Сірыі, як падчас войнаў, якія ён распаліў ад пачатку свайго кіравання Расеяй. Маюцца на ўвазе войны ў Чачэніі, Грузіі, Украіне ды цяпер у Сірыі. Праз досвед у гэтых вайсковых дзеяннях Крэмль удасканаліў сваю гібрыдную вайну. Яе важная асаблівасць: гульня з грамадскасцю і з медыямі», – напісаў рэдактар.

На ягоную думку, у лічбавую эпоху «лепшая PR-вайна прыходзіць з Расеі».

«Пуцін загадаў вывесці войскі з Сірыі», адзначылі навінавыя сайты ад «Al Jazeera» і «BBC» да «Zeit Online» у панядзелак увечары. А ўдакладненне пра тое, што расейскія вайсковыя базы застаюцца далей у Сірыі, чым Пуцін падтрымлівае Асада, прайшлі недзе ніжэй. Уплыў на сусветную грамадскасць часам працуе вельмі далікатна», – працягвае Штэфэн Добэрт.

Журналіст мяркуе, што Уладзімір Пуцін дабіўся таго, што жэнеўскія перамовы наконт дыпламатычнага вырашэння канфлікту ў Сірыі будуць адбывацца пад уплывам Расеі. Тое ж самае было і ва Украіне, лічыць Штэфэн Добэрт: Пуцін стварыў факты вайсковым шляхам, а пасля спрабуе абараніць іх дыпламатычна.

«І калі ў Жэневе ўсё будзе адбывацца не так, як запланавалі ў Маскве, расейскія бамбавікі зноў могуць у любы час вылецець у Сірыю», – падсумоўвае рэдактар «Zeit Online».

НМ, belsat.eu, паводле Zeit.de

Глядзі таксама
Каментары