Даследаванне: Беларусь – самая залежная ад Расеі постсавецкая краіна


Ці можа нашая краіна вырвацца з «ўсёахопнай залежнасці ад Расеі»? Адказ на гэтае пытанне шукалі даследчыкі Інстытуту «Палітычная сфера».

Інстытут «Палітычная сфера» прэзентаваў даследаванне «Выклікі для беларускай вонкавай палітыкі і постсавецкая прастора пасля 2008 года». Асноўны фокус даследавання засяроджаны на досведзе эканамічнай, палітычнай і ваеннай супрацоўніцы краін ЕАЭС і краін «Усходняга партнёрства» пасля 2008 года (пачатак сусветнага эканамічнага крызісу і расейска-грузінскі канфлікт).

Аўтары даследавання прыходзяць да несуцяшальнай высновы: Беларусь з’яўляецца самай залежнай ад Расіі краінай на постсавецкай прасторы. Аднак нават ва ўмовах усеагульнай залежнасці наша краiна можа дыверсіфікаваць свае эканамічныя і палітычныя стасункі, не ўступаючы ў адкрыты канфлікт з Расеяй.

«Беларусь з’яўляецца самай залежнай ад Расеі постсавецкай краінай. Усе астатнія краіны, нават удзельнікі АДКБ і ЕАЭС, праводзяць значна больш самастойную палітыку: і ў супрацоўніцы з Еўразвязам, і з НАТА, і ЗША», – адзначыў дырэктар Інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Ён мяркуе, што для разварвання «ўсёахопнай залежнасці Беларусі ад Расеі» нашая краіна магла б пераняць стратэгію Казахстану, які застаецца ў арбіце еўразійскай інтэграцыі, але захоўвае значную палітычную аўтаномію ад Расеі.

«Пры вызначэнні вонкавай палітыкі Беларусі трэба ўлічваць, што яна з’яўляецца самай залежнай ад Расеі краінай на постсавецкай прасторы. Між тым, ва Усходняй Еўропе эканамічна дамінуе Еўразвяз і такая асіметрыя можа ў будучыні прывесці да значных стратаў, а таксама няўстойлівасці эканамічнага развіцця», – заўважыў Андрэй Казакевіч.

На ягоную думку, вонкавая палітыка Расеі носіць надзвычай канфліктны характар у рэгіёне. А таму для мінімізацыі негатыўных наступстваў і перадухілення ўцягвання ў расейскія канфлікты Беларусі варта як мага больш дыстанцыявацца ад вонкавай палітыкі Расеі.

НМ, belsat.eu, паводле «ЕўраБеларусь»

Глядзі таксама
Каментары