Гэтымі днямі падаткавыя службы актыўна дасылаюць беларусам «лісты шчасця», але заяўляюць, што не будуць прыцягваць да адказнасці тых, хто ігнаруе аплату збору.
Першыя паведамленні непрацоўным беларусам былі накіраваныя ў кастрычніку, тэрмін выплаты па іх быў да 15 лістапада. Тым, каму паведамленні накіроўваліся пасля 15 лістапада, тэрмін аплаты вызначаны на 30 дзён з моманту атрымання паведамлення.
Збор складае 20 базавых велічыняў (1 б. в. на сёння – Br 21). За нявыплату або няпоўную выплату прадугледжаны штраф у памеры ад 2 да 4 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт з абавязковым прыцягненнем да выканання грамадскіх працаў.
Паводле міністэрства па падатках і зборах, паведамленні аб аплаце збору з тых, хто «не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічае менш за 183 дні» дасланыя амаль 73 тыс. беларусам. Збор ужо аплацілі амаль 11 тыс. – амаль 15 % ад усіх выкрытых «дармаедаў».
Спяшацца з аплатаю збору не трэба: улады плануюць унесці змены ў прэзідэнцкі дэкрэт № 3 – ёсць імавернасць, што ў новай версіі пастановы некаторыя «дармаеды» перастануць імі быць.
Прэс-служба міністэрства па падатках і зборах падае, што ў сувязі з магчымым карэктаваннем у прававым акце, прынятае рашэнне пакуль не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці грамадзянаў, якія не аплацілі збор.
Дэкрэт «аб дармаедах» быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам летась у красавіку, і ўжо праз некалькі месяцаў падаткавікі заяўлялі, што некаторыя нормы дэкрэту трэба адкарэктаваць: маўляў, не ўсе «дармаеды» – дармаеды, то бок беспрацоўныя, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
Таксама падаткавікі абяцалі, што праверкі беспрацоўных не будуць масавымі, а закрануць толькі тых, хто «жыве не па сродках». Аднак на практыцы паведамленні аб аплаце збору атрымоўваць нават памерлыя.
З неабходнасцю выпраўлення недахопаў у дэкрэце Лукашэнка пагадзіўся толькі на пачатку снежня.
ДД