Ці ламануліся «дармаеды» шукаць працу?


Belsat.eu пагаварыў з беспрацоўнымі ля берасцейскай біржы працы, а таксама з памежнымі «чаўнакамі».

У сярэдзіне лістапада намеснік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун распавёў пра рост колькасці зарэгістраваных беспрацоўных. На думку чыноўніка, адной з прычынаў такой з’явы магла стаць барацьба з «дармаедамі», што распачынаецца ў Беларусі.

Карэспандэнт Belsat.eu накіраваўся да цэнтра занятасці ў Берасці, каб на ўласныя вочы спраўдзіць: ці сапраўды «дармаеды» штурмуюць сцены ўстановы?

Ля цэнтра занятасці чэргаў няма

«Прыйшоў сюды таму, што на маім заводзе амаль нічога не плацяць. Як можна пражыць на мільён заробку? Вось і думаю знайсці што-небудзь лепшае», – распавядае дрэнна апрануты працаўнік Берасцейскага электралямпавага завода, які прадставіўся Міхаілам.

Яшчэ адна жанчына прыйшла на біржу шукаць працу для мужа-пенсіянера. Аксана Пятроўна кажа, што 30 гадоў прапрацавала кухарам у дзіцячым садку. Больш працаваць не хоча, а вось яе муж наадварот. Па словах жанчыны, жадаючых працаваць на кухні ў садку не шмат – ніхто не хоча ісці на жабрацкія заробкі. Таму часта да працы падключаюць былых асуджаных.

Цэнтры занятасці: колькасць беспрацоўных расце, але няшмат

«У нас у параўнанні з мінулым годам аднолькавы ўзровень беспрацоўя. Розніца літаральна ў 10-11 чалавек. Гэта не істотна. Калі б змянілася на 50 і болей чалавек – ужо б адчувалася», – кажуць Belsat.eu ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Баранавіцкага райвыканкама.

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацабароне Бабруйскага гарвыканкама ў лістападзе звярнулася нават менш, чым у кастрычніку – 572 і 708 чалавек адпаведна. Тут, відаць, ніхто грозных заяваў кіраўніка краіны не спужаўся. Што праўда, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных узрасла.

«У кастрычніку было зарэгістравана беспрацоўнымі 426 чалавек, у лістападзе – 463 альбо на 37 чалавек болей. Але гэта не такі рост, якога мы чакалі, які б мог быць», – кажуць ва ўпраўленні.

У Віцебску ж ужо некалькі месяцаў колькасць «афіцыйных» беспрацоўных расце. Калі ў верасні налічылі 457 чалавек, то ў кастрычніку 544, а ў лістападзе – 619. У мясцовым упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне кажуць, што сталі часцей прыходзіць тыя, хто ўжо не працуе даўно – год і болей.

Якую працу прапануюць?

Што тычацца прапановаў цэнтра занятасці, то годную працу сярод іх знайсці складана. Патрабуюцца санітаркі, прыбіральшчыкі, лекары, рабочыя – заробак у асноўным не дацягвае і да 200 долараў. Калі ж зарэгістраваўся, то разам з дапаможнымі 120 тыс. рублёў у месяц будзь добры некалькі дзён адпрацаваць прыбіраючы з палёў гародніну альбо камяні.

Таму людзі аддаюць перавагу самастойным пошукам працы, побач з дзяржаўнай біржай працы – народная біржа. Час ад часу пад’язжаюць аўтамабілі і забіраюць працоўную сілу – як правіла на будоўлю.

Увогуле ж беспрацоўных берасцейцаў прасцей сустрэць на беларуска-польскай мяжы. Адзін з такіх, Віктар, распавядае, што вязе ў Польшчу блок цыгарэт і зарабляе на гэтым 10 долараў. Таксама бярэ рэчы на перавозку – за тое што ён перавозіць вопратку праз мяжу ён зарабляе каля 20 долараў у дзень

Пытаемся ў беспрацоўнага, што ён будзе рабіць, калі з’явіцца закон супраць «дармаедаў».

«Што-небудзь прыдумаем – не ў першы раз», – кажа Віктар. А яго калега Зміцер даўно ўжо ўсё прадугледзеў. Ён уладкаваўся на працу як апякун уласнай маці, з заробкам у адзін мільён рублёў.

Сацыяльнымі выгодамі карыстаюцца, а падаткаў не плацяць

Тым часам наяўнасць грамадзянаў, якія карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі, але афіцыйна не працуюць і адпаведна не плацяць падаткаў (тыя ж памежныя чаўнакі), эканаміст Павел Данейка лічыць праблемай.

«З рознымі аб’ёмамі такой з’явы дзяржавы гатовыя мірыцца – такое ёсць заўсёды. Але пытанне, наколькі гэта прымальна для сацыяльна-эканамічнай сістэмы, якая ёсць?» – задаецца пытаннем эксперт. Для Беларусі, у якой колькасць працаздольнага насельніцтва падае, а колькасць пенсіянераў расце, гэтае пытанне гучыць асабліва востра.

Алесь Ляўчук, ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў