«Далей няма куды. Спачатку за пад’езды, а пасля і за паветра будзем плаціць»

video

https://www.youtube.com/watch?v=36a1Ana9ixw

Газ, эклектычнасць, вада забяруць у беларусаў яшчэ больш грошай сёлета. Удараць па гаманцам і новыя тарыфы на паслугі ЖКГ. Жыхары беларускай сталіцы ўжо даведаліся, што чакае іх найбліжэйшымі месяцамі.

«Я, калі даведаўся, палічыў… Колькі ж гэта за ўсё давядзецца плаціць? У мяне ж двое малых дзяцей. Гэта цяжка», – прызнаецца мінак.

«Хацелася б паляпшэння жыцця. Асабліва для самотных пенсіянераў. Цяжка пражыць на такую мізэрную пенсію», – зазначае жанчына.
«Вельмі складана ўсім будзе. Мала хто мае такія сродкі, каб плаціць паводле гэтых тарыфаў», – падсумоўвае яшчэ адзін мянчук.

Цяпер у платныя паслугі ЖКГ уваходзіць, да прыкладу, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў ды іх асвятленне. Кошты ўборкі пад’ездаў будуць залежаць ад плошчы лесвічных клетак, пляцовак і наяўнасці смеццеправоду. У шматпавярховіку за такую паслугу давядзецца заплаціць прыблізна дваццаць чатыры тысячы рублёў штомесяц. Да таго ж усе сляды вандалізму ў пад’ездах будуць ліквідаваць цяпер за кошт яго жыхароў. Замест жа аплаты за карыстанне ліфтам у жыроўках з’явяцца дзве пазіцыі: тэхабслугоўванне і аплата сілавой энергіі. І гэтак можна працягваць.

«Далей няма куды. Спачатку за пад’езды, а пасля і за паветра будзем плаціць», – паўжартам кажа жанчына.

Але тое, што найбольш ударыць па спажыўцах, гэта новыя кошты за карыстанне вадою і каналізацыяй. Субсідаваны тарыф на гэтыя паслугі павялічылі больш як у тры разы. Што гэта азначае на практыцы? Да прыкладу, беларуская сям’я з трох асобаў заплоціць цяпер за карыстанне вадою звыш ста тысяч рублёў як мінімум замест ранейшых трыццаці. І гэта не ўлічваючы ацяпляльнага сезону.

«Сістэма разліку абсалютна непразрыстая. Ніхто, апроч гэтых адмыслоўцаў, якія агучваюць гэтыя лічбы, ніхто не разумее, як яны фармуюцца. Гэта спраўдзіць вельмі цяжка. Могуць напісаць і ў 10, і ў 20 разоў больш і сказаць, што гэта ўсё абгрунтавана. Нам застаецца верыць ці не верыць», – тлумачыць Уладзімір Кавалкін, праект «Кошт ураду».

Не верыць у сістэму налічэння тарыфаў і сам кіраўнік краіны. Гэтак, амаль тры гады таму Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з энергетыкамі выказаў хвалю абурэння па выніках працы чыноўнікаў.

«Палічыце мне! Дайце мне жывы тарыф на тое ці іншае. Дагэтуль я не маю поўнай яснасці», – абураецца кіраўнік Беларусі, Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час не аднойчы дзяржчыноўнікі ўздымалі пытанне неабходнасці павышэння тарыфаў на паслугі ЖКГ. Маўляў, дзяржава субсідуе большую частку коштаў, а грамадзяне не даплочваюць. Як насамрэч выглядае сітуацыя?

«Трэба для справядлівасці сказаць, што ўсё датацыі, якія прыходзяць ад дзяржавы, грамадзяне самі ж і аплочваюць, калі ідуць у краму, купляюць хлеб і малако, калі плоцяць ПДВ і акцызы ці іншыя падаткі. Па сутнасці яны аплочваюць і субсідыі на ЖКГ», – падсумоўвае Уладзімір Кавалкін.

Таму значна большую праблему адмыслоўцы бачаць у неэфектыўнасці саміх службаў ЖКГ. Рэформы і канкурэнцыя маглі б значна палепшыць становішча камунальнай гаспадаркі Беларусі. Але пакуль гэта толькі мара, а беларусаў найбліжэйшым часам могуць чакаць яшчэ вышэйшыя тарыфы.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары