«Да нас у чаргу запісваюцца нават з Масквы». Як працуе першы ў Беларусі садок для дзяцей з аўтызмам


Мянчанка Юлія Вішнеўская адчыніла спецыялізаваны прыватны дзіцячы садок, каб развіваць сваіх двух дачок з аўтызмам. Belsat.eu завітаў на адзін з заняткаў да Юліі і дзетак.

Юлія з дачкамі
Юлія з дачкамі

Юлія з дачкамі
Юлія з дачкамі

 

Каб адкрыць садок, давялося прадаць кватэру

Дзіцячы садок знаходзіцца ў адным са спальных раёнаў Менску, на першым паверсе шматпавярховага гмаху. Першае, што кідаецца ў вочы, калі заходзіш унутр, – інтэр’ер амаль цалкам белага колеру і безліч рознакаляровых шыльдаў і малюнкаў.

Гаспадыня садка, Юлія Вішнеўская, распавяла, што да адкрыцця дашкольнай навучальнай установы яе падштурхнула ўласная сямейная сітуацыя. У Юліі дзве маленькія дачкі з аўтызмам. У звычайны садок жанчына іх аддаць не магла, а знайсці чалавека для нагляду, які б ведаў, як працаваць з такімі дзецьмі, не атрымалася. Тады Юлія вырашыла сама  набірацца ведаў і досведу, каб выхоўваць не толькі сваіх дачок, але і дапамагчы іншым дзеткам з аўтызмам. Наступным крокам стала адкрыццё ўласнага дзіцячага садка.

Першай цяжкасцю на шляху рэалізацыя ідэі стала фінансавая. Юлія распавядае, што, каб зрабіць першыя крокі, давялося прадаць уласную кватэру ў Гомлі. Каб атрымаць сродкі, Юлія прыняла ўдзел у праекце тэлеканалу АНТ «Мой бізнес». Але ў  галоўны адбор яе не ўзялі, маўляў, садок – гэта не бізнес. У той жа час некалькі камерцыйных арганізацый сумесна выдзелілі Юліі сродкі – агулам дзесяць тысяч долараў.

Грошы пайшлі на набыццё абсталявання – каляровых прынтараў, смарт-дошкі і г.д.

Праграм для працы з дзецьмі з аўтызмам у Беларусі няма

Наступнай цяжкасцю стаў пошук спецыялістаў для працы ў садку. У Беларусі такіх адмыслова абучаных людзей няма.

«Да нас прыязджаюць шмат замежных спецыялістаў, якія гатовыя дзяліцца сваім досведам, але чамусьці сістэмай гэта ў нас не становіцца, – кажа Юлія. – Усё на ўзроўні бацькоўскіх ініцыятыў, нейкіх эпізадычных курсаў».

Цяпер садок – прыватная ўстанова. Юлія кажа, што былі і амбіцыі зрабіць яго дзяржаўным.

«Але калі мы становімся дзяржаўнай установай, то аўтаматычна мусім выконваць дзяржаўныя стандарты адукацыі, – зазначае гаспадыня садка. – Аўтысты вельмі выбіваюцца з масы ўсіх астатніх дзяцей, для іх немагчыма скласці нейкі адзіны стандарт».

На дзяржаўным узроўні распрацоўкай праграм для дзяцей з аўтызмам у Беларусі ніхто не займаецца, сцвярджае Святлана Кот, што працуе ў садку.

«Калі для дзяцей з інтэлектуальнай адсталасцю, для інвалідаў па зроку магчымая агульная праграма, з кожным аўтыстам трэба некалькі разоў правесці занятак, а потым для яго індывідуальна пісаць праграму, якая будзе ўлічваць ягоныя асаблівасці развіцця, – зазначае адмысловец. – Нам патрэбная асобная структура, якая б займалася дыягностыкай і напісаннем праграм для такіх дзяцей».

Кожны наведвальнік садка мае сваю індывідуальную праграму, разлічаную на паўгады. Праграмы мабільныя, могуць быць дапоўненыя ў любы момант.

Садок для дзяцей з аўтызмам – белыя сцены і яркія колеры

Чым жа адрозніваецца садок для дзяцей з аўтызмам ад усім нам звыклага дзіцячага садка?

Прастора ў такім садку мусіць быць дакладна структураваным. Дзеткі павінны займацца рознымі відамі актыўнасці ў розных месцах – напрыклад, у правым куце вучоба, у левым – гульні.


Расклад уключае спецыялізаваныя заняткі, шпацыр, гімнастыку, паліванне кветак, музычны занятак, працу з дэфектолагам.

 

Кожны занятак прадумваецца так, каб нішто не адцягвала ўвагу, якую ў дзетак з аўтызмам вельмі цяжка заняць. Пасля кожнага занятку – перапынак на гульню з цацкай.

Заняткі з лагапедам Святланай
Заняткі з лагапедам Святланай

 

Юлія звяртае нашую ўвагу на тое, што ў садку інтэр’ер пераважны белага колеру, а рэчы, на якіх трэба акцэнтаваць увагу дзяцей падчас заняткаў, размаляваныя ў яркія колеры. Прадметаў у пакоі, дзе ідзе праца з дзіцём, не павінна быць шмат, і яны мусяць мець свае месцы – дзеці-аўтысты любяць, каб усё было ў парадку. У садку дзве змены, і ў кожнай па тры дзіцяці. Больш садок сабе дазволіць сёння не можа.

Працуе садок дваццаць гадзінаў на тыдзень. Кошт за месяц заняткаў – 520 долараў.

«Але мы з нашай дзейнасці не атрымоўваем прыбытак, – кажа Юлія. – Мы працуем на самазабеспячэнні. Прыбытак ідзе на аплату адмыслоўцаў і арэнды».

Юлія распавядае, што ў садок ужо ёсць чэргі.

«Нам нават з Масквы тэлефанавалі, прапаноўвалі прыехаць да нас і тут здымаць кватэру, бо для іх гэта атрымоўваецца танней».

Паводле Юліі, часта даводзіцца сутыкацца з тым, што тэлефануюць бацькі, вельмі хочуць трапіць у садок, але калі чуюць кошт, кажуць, што не могуць сабе гэта дазволіць.

«Але калі гэтая паслуга для большасці ўвогуле недаступная, то лепш няхай будзе ў дарагім варыянце, чым яе ўвогуле не будзе», – падкрэслівае наша суразмоўца.

Эксперт: «Мы адстаём ад Еўропы і ЗША на 40 гадоў»

Пасля садка дзіцё можа пайсці ў прыватную школу ці ў інтэграваны клас, якія былі створаныя ў Беларусі адмыслова для аўтыстаў па ініцыятыве грамадскай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі». Але нягледзячы на спробы ствараць інтэграцыйныя класы і садкі для дзяцей з аўтызмам, сітуацыя з дашкольнай і школьнай адукацыяй такіх дзетак у Беларусі выглядае досыць сумна, сцвярджае Таццяна Галубовіч, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Добрая справа. Дапамога людзям з аўтызмам».

«Нашая сістэма адукацыі настолькі кансерватыўная, што вельмі цяжка арганізаваць асяроддзе, якое б дапамагала дзіцятку з аўтызмам развівацца правільна», – кажа Таццяна.

Жанчына зазначае, што ў беларускім грамадстве існуе агромністая праблема разумення гэткай з’явы, як аўтызм, ды і ўвогуле – людзей, што адрозніваюцца ад большасці.

«Але мне здаецца, што гэта ўсё прыйдзе да нас, калі грамадства навучыцца разумець, што ёсць розныя людзі, розныя дзеці, – кажа Таццяна. – І што ўвогуле не трэба дзяліць дзяцей – вось гэта аўтысты, алергікі, астматыкі і г.д. Гэта ў першую чаргу дзеці. І яны, і іх сем’і мусяць мець шанец атрымаць дапамогу і жыць, як усе».

Таццяна зазначае, што ў Заходняй Еўропе і ЗША існуе агромністая колькасць праграм і арганізацый, што дапамагаюць дзецям з аўтызмам. Мы адстаём ад іх гадоў на трыццаць-сорак.

«Нашая сістэма адукацыі не прымае сусветны досвед рэабілітацыі гэтых дзетак і траціць агромністую колькасць рэсурсаў, часу на вынаходніцтва ўласных, інавацыйных метадаў працы з такімі дзецьмі. Тым самым проста крадуць час у людзей».

Садок для дзяцей-аўтыстаў вельмі важны, бо працаваць з такімі дзецьмі трэба пачынаць з самага ранняга ўзросту, кажа Таццяна. Бо чым раней гэтая праца пачнецца, тым больш шанцаў будзе ў дзіцяці пайсці ў звычайную школу, навучыцца размаўляць, камунікаваць з іншымі, сябраваць.

Аўтызм – гэта глыбокае парушэнне развіцця, пры якім дзіця адчувае цяжкасці ў сацыяльным узаемадзеянні і схільны рытуалізоўваць паводзіны, шматкротна паўтарае нейкія дзеянні. Гэта захворванне аказвае моцны ўплыў на ранняе развіццё дзіцяці і на ўсё жыццё чалавека ў далейшым.

Яшчэ зусім праявы аўтызму сустракаліся даволі рэдка, але з часам сталі больш частай з’явай. На сённяшні дзень, паводле сусветнай статыстыкі, аўтызмам рознай ступені цяжкасці мае кожны 68-ы дзіцяці. Калі спасылацца на сусветную статыстыку, то ў Беларусі з’яўляецца больш за 1000 дзяцей з аўтызмам. Навукоўцы прагназуюць, што імклівы рост прывядзе да таго, што да 2025-га года ў ЗША, адзін з двух дзяцей будзе мець прызнакі аўтызму. Магчыма, тады больш людзей пачне звяртаць увагу на такія праблемы. Не будуць заплюшчваць вочы на праблему, а наадварот – будуць садзейнічаць стварэнню такіх спецыялізваных садоў.

ММ, МР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары