Цярэшчанка з лякарні павіншаваў Лукашэнку з днём нараджэння: Спадзяюся на сумленную канкурэнцыю


Патэнцыйны кандыдат на прэзідэнцтва Віктар Цярэшчанка, які знаходзіцца ў 3-й клінічнай лякарні Менску, тэлеграмай павіншаваў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку з днём нараджэння.

«Прыміце мае віншаванні з нагоды вашага дня нараджэння, пажаданні здароўя і дабрабыту. Спадзяюся на адкрытую і сумленную канкурэнцыю на будучых выбарах. Са шчырай павагай да вас – прэтэндэнт на прэзідэнцтва Віктар Цярэшчанка», – гаворыцца ў тэлеграме, падае belprauda.org.

Паводле афіцыйнай біяграфіі, Аляксандр Лукашэнка нарадзіўся 30 жніўня 1954 года ў селішчы Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласці і сёння святкуе 61-ы дзень нараджэння.

Глядзіце яшчэ >>> Што беларусы зычаць нязменнаму кіраўніку краіны?

Ленінскае РУУС Менску распачало крымінальную справу ў сувязі з інцыдэнтам у менскай кавярні «Грунвальд», які адбыўся з удзелам патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва Віктара Цярэшчанкі.

28 жніўня прэтэндэнт на прэзідэнцтва падчас дзелавога спаткання выпіў свежы маркоўны сок з вяршкамі ў кавярні «Грунвальд», пасля чаго ў Цярэшчанкі з’явіўся ацёк і аняменне твару, вока. Медыкі даставілі пацярпелага ў лякарню і дыягнаставалі ў яго алергічную рэакцыю.

«Ёсць трэцяя асоба, зацікаўленая, каб я не перашкаджаў, каб мяне не было ў спісах для галасавання. Я прыхільнік дзяржаўнасці, я супраць Плошчы, супраць разгойдвання лодкі, у якой мы ўсе знаходзімся, – Рэспублікі Беларусь, я прафесар эканомікі і расказваю пра рэформы ў эканоміцы. Але кагосьці гэта не задавальняе», – заявіў Віктар Цярэшчанка сайту belprauda.org.

Акружэнне палітыка не выключае спробу атручання Віктара Цярэшчанкі.

У Горадні ўсе 11 509 подпісаў, сабраныя ініцыятыўнай групай Віктара Цярэшчанкі па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты, прызнаныя несапраўднымі.

МЯ, паводле belprauda.org

Стужка навінаў