Ці баяцца мігрантаў з Беларусі правыя сілы Еўропы?


Чаму ў Еўропе баяцца мігрантаў, “Белсат” паразмаўляў са старшынём бельгійскай партыі «Vlaams belang» Томам ван Грыекенам.

– Якая сітуацыя цяпер з мігрантамі ў Бельгіі? Што змянілася апошнім часам? Што вас і вашую партыю непакоіць найбольш?

– Самая вялікая праблема з мігрантамі, якая існуе ў маёй роднай Фландрыі і наагул у Бельгіі, – гэта тое, што вельмі вялікая частка гэтых мігрантаў адмаўляецца інтэгравацца ў нашае грамадства, адмаўляецца прыняць і падпарадкоўвацца нашым нормам і правілам. На гэты момант толькі ў Бруселі, сталіцы Бельгіі ды Еўропы, пражываюць каля 10 тыс. мусульманскіх экстрэмістаў, якія са сваёй уласнай волі застаюцца абсалютна не інтэграванаю часткаю грамадства, яны хочуць увесці законы шарыяту. І што я хачу таксама адзначыць, штогод у нашую краіну прыязджаюць жыць 70 тыс. замежнікаў, якія рэпрэзентуюць краіну, што не ёсць сябрам ЕЗ. Гэта зашмат! Да вар’яцтва шмат. І гэта праблема, якую трэба тэрмінова развязваць.

– Чаму вашая партыя «Vlaams belang» вось ужо даволі шмат гадоў стаіць на моцных антыэмігранцкіх пазіцыях і адкрыта выступае за масавую дэпартацыю замежнікаў з Бельгіі?

– Гэта адзін з найвялікшых забабонаў, мы не выступаем за масавую дэпартацыю замежнікаў. Мы, насамрэч, намагаемся значна меншага: проста зачыніць межы. Тыя ж замежнікі, якія ўжо тут жывуць, падабаецца ім гэта ці не, мусяць прыняць удзел у будаўніцтве краіны заўтрашняга дня. А вось тыя, хто «сябруе» з крыміналам, хто сядзіць у нас на шыі і прафіцыруе ад нашай сістэмы сацыяльнай абароны, ісламскія фанатыкі, – усе гэтыя людзі мусяць атрымаць квіток у адзін канец у кірунку сваёй краіны паходжання.

Мігранты-мусульмане складаюць даволі вялікую частку мігрантаў у Бельгіі. Ці складаюць яны нейкую асобную групу? Ці ствараюць яны небяспеку для бельгійскага грамадства?

– Яны, мусульмане, ствараюць вельмі велізарную небяспеку для бельгійскага грамадства. Вельмі! Калі мы возьмем дзяржаву Бельгія, то мы на душу насельніцтва з’яўляемся найвялікшым пастаўніком, калі можна гэтак выказацца, сірыйскіх баевікоў і джыгадыстаў. Апошнім часам з нашай краіны ваяваць за «Ісламскую дзяржаву» толькі з Фландрыі з’ехалі больш за 450 ісламскіх маладых фанатыкаў. Гэта вялізарная лічба. Але праблема, падкрэслю, не ў тым, што гэтыя экстрэмісты з’ехалі, а ў тым, што большасць з іх сюды вернецца. Ужо вярнулася прыблізна 150 асобаў, і яны ствараюць моцную небяспеку нашаму мірнаму жыццю. Гэта бомба запаволенага дзеяння. Якая, без усялякіх сумневаў, праз пэўны час выбухне. Выбухне ў самым сэрцы Еўропы!

– Вы, вашая партыя, выступаеце за дэпартацыю толькі мігрантаў-мусульманаў альбо ўсіх мігрантаў і чаму?

– Паўтаруся, мы, найперш, выступаем за поўнае спыненне міграцыі. Мы хочам упэўніцца, што да нас ужо ніхто больш не едзе жыць. І, найперш, не еўрапейскія замежнікі. Тыя, хто едзе да нас не з краіны-сябра Еўрапейскага Звязу. Але калі яны ўжо прыехалі і жывуць тут, то, калі ласка, спадарства, працуйце, будуйце нашую краіну. Але калі вы не хочаце станавіцца такімі, як мы, фламандцамі сярод фламандцаў, то вы тут не дома. Вы не гаспадары на нашай зямлі. Калі вы тут, каб «запаўняць» навінамі нашую крымінальную хроніку і цягнуць грошы з нашага бюджэту праз сацыяльную дапамогу, альбо каб праціскаць чужую для нас ідэалогію і рэлігію, такую як іслам, ці прапагандаваць, напрыклад, няроўнасць паміж мужчынам і жанчынаю, для вас няма месца пад сонцам у нашай Фландрыі.

– Як ставіцеся да мігрантаў з Усходняй Еўропы, у прыватнасці з Беларусі?

– Мушу адзначыць тое, што, на жаль, апошнім часам мы сутыкнуліся з даволі вялікаю хваляю крыміналу з Усходняй Еўропы. Усё больш узнікла крымінальных груповак з вашага рэгіёну ў такіх краінах, як Нямеччына, Нідэрланды, Бельгія і Францыя, якія «спецыялізуюцца» на крадзяжах з узломам. І гэтыя факты, вядома, не спрыяюць паляпшэнню іміджу жыхароў Усходняй Еўропы. І таму мы выступаем за ўзнаўленне памежнага кантролю паміж краінамі Усходняй і Заходняй Еўропы, каб зрабіць нашае жыццё больш бяспечным. І, па-другое, што таксама важна, мы, нашая партыя, хочам адмены шэнгенскіх дамоўленасцяў, шэнгенскай зоны. Бо гэтае свабоднае перамяшчэнне асобаў у яе межах, у тым ліку прыезд людзей з Усходняй Еўропы да нас парушае баланс працоўнай сілы, бо ўсе ўсходнія еўрапейцы прыязджаюць да нас з краінаў, дзе зусім іншыя сацыяльныя сістэмы, яны правакуюць зніжэнне коштаў працоўнай сілы і ствараюць канкурэнцыю, напрыклад, нашым бельгійскім будаўнікам ды кіроўцам на вялікія адлегласці.

– А як наконт мігрантаў з Беларусі?

– Мы не маем праблемаў з беларусамі, бо вашая краіна не сябра Еўрапейскага Звязу, і беларусам няпроста сюды прыехаць. Беларуская праблема магла б узнікнуць, калі раптам пастанавіць адчыніць межы. Калі мяжа адчыненая, і кожны, хто хоча, можа прыехаць жыць да нас, тады можа ўзнікнуць праблема.

– Даволі шмат бельгійцаў, у тым ліку, наколькі я ведаю, некалькі сябраў вашай партыі, узялі шлюб з замежніцамі…. Як Вы ставіцеся да гэтага факту?

– Каханне – гэта найлепшае, што толькі можа быць у жыцці! Калі ты сустрэў жанчыну, у якую шчыра закахаўся, і якая закахалася ў адказ, то бярыце шлюб! Мы супраць не будзем. Але мы супраць, калі шлюб, а такіх выпадкаў даволі шмат, заключаецца зусім не на нябёсах, а з вельмі зямною мэтаю «абдурыць» заканадаўства і дазволіць аднаму з сужэнцаў атрымаць патрэбныя яму паперы. Гэтыя папяровыя шлюбы маюць, як ні дзіўна, не ўсходні кірунак, а паўднёвы. З бедных паўднёвых краінаў да нас прыязджаюць шмат жанчын, каб атрымаць праз шлюб бельгійскае грамадзянства. Шлюб не праз каханне, а з прагаю атрымаць пашпарт, мы, нашая партыя, лічым гэта непрымальным.

– Вы ўзгадалі «краіну заўтрашняга дня»… Што для Вас краіна заўтрашняга дня?

– Мая ідэальная краіна – гэта незалежная Фландрыя. У якой фламандцы маюць сваю ўласную дзяржаву. У якой фламандцы могуць заставацца фламандцамі, жыць тое жыццё, да якога яны прызвычаіліся, мець сваю мову, сваю культуру. Мову і культуру, якія паважаюць усе. Краіна, у якой дзяржава абараняе асобу. На сёння фламандская культура пад пагрозаю. Найперш, з боку ісламу, вядома. І мы мусім намагацца, каб у нашай фламандскай сталіцы, Бруселі, можна было пачуць фламандскую мову. І для нас, фламандцаў, няма лепшае будучыні, чымся жыць у незалежнай рэспубліцы Фландрыя.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў