Чорныя дні «Ісламскай дзяржавы»


На Блізкім Усходзе цяпер адначасова ідуць дзве вялікія вайсковыя аперацыі. У Іраку войска пры пачало наступ на горад Фалуджа, захоплены баевікамі так званай «Ісламскай дзяржавы» – пры падтрымцы заходняй кааліцыі. А ў Сірыі ісламісты спрабуюць утрымаць горад Рака. Аднак там у атаку пайшлі не асадаўскія вайскоўцы, але кааліцыя курдаў і празаходніх сірыйскіх фармаванняў. Прычым некаторыя з гэтых нібыта курдаў апранутыя як амерыканскі спецназ, і размаўляюць па-англійску.

Яны абяцалі стаць шахідамі, і хутка іх мары здзейсняцца. Баевікі групоўкі «Ісламская дзяржава» у іракскай Фалуджы выкарыстоўваюць бамбістаў-смяротнікаў, жывыя шчыты з мясцовых жыхароў ды малітвы, але Алах не дапамагае. За два гады іракскае войска ўзяла сябе ў рукі, і паступова прасоўваецца наперад, на Фалуджу.

Фарыз Хусэйн Алі, капітан, 8-я брыгада арміі Іраку:

«Самалёты кааліцыі знішчылі ўкрыцці Даіш, а мы наступаем з поўдня ў кірунку цэнтру Фалуджы. Мы знайшлі 60-70 семʼяў мірных жыхароў, аддзялілі жанчын ад мужчын. Сярод мужчын мы знайшлі некалькі баевікоў, што спрабавалі ўцекчы такім чынам».

А ў Сірыі ў аўторак араба-курдскі альянс пад назвай Сірыйскіч Дэмакратычныя Сілы пачаў наступ на горад Рака, адзін з галоўных фарпостаў «Ісламскай дзяржавы». На баку альянсу – каля 30 тысячаў вайскоўцаў і заходняя авіяцыя. Баі ідуць цяжкія.

Вітальд Рэпетовіч, эксперт у бяспецы, аглядальнік Defence24.pl:

«У гэтай аперацыі ўдзельнічаюць амерыканцы, і вельмі моцна. Размова не толькі пра паветранае падтрыманне, але і пра тры сотні амерыканскіх »камандас« на зямлі. І гэтая амерыканска-курдская супраца – катастрофа для замежнай палітыкі Турцыі».

Курды ахвотна публікуюць фотаздымкі саюзнікаў у поўнай амуніцыі. Але Пентагон удзел свайго спецназу ў наземнай аперацыі ў Сірыі пакуль адмаўляе. Занадта далікатнае пытанне – пачатак падзелу Сірыі на зоны ўплыву, ад якога адзін крок да стварэння незалежнага Курдыстану.

Вітальд Рэпетовіч, эксперт у бяспецы, аглядальнік Defence24.pl:

«Амерыканска-курдскі саюз нязручны як для Турцыі, так і для Расеі, і для Башара Асада. Ужо даўно ідзе размова, што амерыканцы са згоды курдаў будуюць сваю авіябазу ў сірыйскім горадзе Рмэйлан».

Калі ўжо кааліцыя зможа абысціся без Турцыі, то куды тут Расея, што прапанавала амерыканцам сваю авіядапамогу ў вызваленні Ракі?

Сяргей Шайгу, міністр абароны Расеі:

«З 25-га траўня прыступіць да супольных дзеянняў ВКС Расеі і авіяцыі кааліцыі, узначаленай Злучанымі Штатамі ў планаванні і нанясенні ўдараў».

Але ў Пентагоне прыступаць да супольных дзеянняў з Масквой не плануюць.

Вітальд Рэпетовіч, эксперт у бяспецы, аглядальнік Defence24.pl:

«Моцная падтрымка курдаў амерыканцамі з ігнараваннем турэцкіх пратэстаў вядуць да таго, што Расея ўвогуле непатрэбная як у паўночным Алепа, так і на ўсход ад Эўфрату».

Расея ў Сірыі нясе не толькі палітычныя страты. 14-га траўня на расейскім так званым «аэрадроме падскоку» Т4 у правінцыі Хомс згарэлі 4 расейскія верталёты Мі-24 – кожны каштуе 15 мільёнаў долараў – а таксама 20 грузавікоў з ракетамі і палівам. Пашкоджаны сірыйскі знішчальнік МіГ-25. Адказнасць узялі на сябе баевікі «Ісламскай дзяржавы». Спадарожнікавыя здымкі, на якіх аэрадром бачны да і пасля здарэння, апублікавала выведча-аналітычная кампанія Стратфар. У Мінабароны Расеі спачатку абвесцілі фотаздымкі фальшыўкай, потым заявілі, што хвасты верталётаў на ўзлётнай паласе – сляды мінулых баёў, і стратаў яны не панеслі ніякіх. У Пентагоне кажуць, што маюць пацверджанне серыі выбухаў, але прычынай магла быць не скаардынаванаяатака ісламістаў, але звычайнае вайсковае разгільдзяйства з узгараннем боепрыпасаў.

Праграма «ПраСвет» выходзіць у пятніцы а 21:40. Тэмы апошняга выдання:

– што Лукашэнка можа выйграць узамен за невялікія саступкі;

– каму на самой справе патрэбная адліга паміж Беларуссю і Захадам;

– амерыканцы з курдскімі шаўронамі атакуюць сталіцу «Ісламскай дзяржавы», прычым тут Турцыя;

– Аўстрыя – ультраправыя прайгралі, краіна засталася падзеленай.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Стужка навінаў