Чэшскі прэзідэнт назваў амерыканскае піва бруднай вадою


На думку кіраўніка Чэхіі Мілаша Зэмана, чэшскае піва таксама лепшае за нямецкае.

Чэшскі прэзідэнт прапанаваў бізнесоўцам з Казахстану развіваць сумеснае піваварства. З такой заявай кіраўнік Чэхіі выступіў у Астане на казахстанска-чэшскім бізнес-форуме, перадае «Інтэрфакс».

У сваім выступе Зэман з захапленнем ахарактарызаваў розныя віды чэшскай прадукцыі, асабліва адзначыўшы сферу піваварства. «Мы ўжо пабудавалі тут (у Казахстане – рэд.) некалькі бровараў. У нас ёсць выдатныя самалёты, аўтамабілі і іншыя прадукты, але не забудзьцеся, што чэшскае піва – найлепшае піва ў свеце. Ніякая амерыканская кампанія, якая прапануе нейкую брудную ваду замест піва, з намі не можа канкураваць», – зацытаваў Зэмана сайт korrespondent.net.

На форуме ў Астане ўдзельнічаў прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, які вырашыў удакладніць у свайго чэшскага калегі, што той думае пра піва з Нямеччыны. Мілаш Зэман адказаў, што чэшскае піва лепшае.

17 лістапада ў Чэхіі прайшлі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта за пракрамлёўскую і антыўкраінскую палітыку, натоўп выйшаў на вуліцы з «чырвонымі карткамі» для кіраўніка краіны, пазней Зэмана асвісталі і закідалі яйкамі падчас ягонага выступлення.

МЯ, belsat.eu, паводле korrespondent.net

Стужка навінаў