«Чарвяка» Змітра Дашкевіча «замарылі» гарадзенскія мытнікі


Экс-палітвязня ўвечары 29 кастрычніка затрымалі на беларуска-літоўскай мяжы для дагляду і сканфіскавалі 12 асобнікаў ягонай новай кнігі.

Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў «Facebook»:

«Агулам, надгляд на мяжы прайшлі добра. І доўга: доўга высвечвалі днішча машыны (ніколі такога не прыгадаю! А я ж грэшным дзелам падумаў быў, што спісалі мяне з рахункаў), шукалі дзярждэпаўскія мільёны, і ўжо пачыналі маркоціцца, але калі глянулі ў заплечнік, надта абрадаваліся. «Прайдзёмце!» – папрасілі лыбячыся. «Што за кніжачка? – запыталі ў кабінеціку, – Ваша?» «Мая, — адказаў я, — вазьміце пачытаць, вазьміце ўсе 12».

Мытнікі паабяцалі перадаць творы на мастацка-балістычную экспертызу — дзеля вывучэння на антыдзяржаўны экстрэмізм. У кнізе сабраныя тэксты, якія друкаваліся ў зарэгістраваных газетах.

Таму «прачытаць пра чарвячыны экстрэмізм будзе цікава — тады трэба прызнаць экстрэмісцкімі тыя нумары «Нашай Нівы» і «Народнай волі», якія тэксты зборніка зьмяшчалі, гэтыя нумары падняць з падшывак — і нейтралізаваць», – адзначыў Зміцер.

Як паведаміў Дашкевіч belsat.eu, пасля трох гадзінаў яго адпусцілі. Ён пачакае вынікаў экспертызы, а пасля будзе прымаць рашэнне пра абскарджанне.

У Вільні Зміцер Дашкевіч браў удзел у прэзентацыі анталогіі Аляксандра Фядуты «Голас волі з-за кратаў: Анталогія твораў беларускіх палітзняволеных», якая адбылася ў ЕГУ. Апрача Змітра Дашкевіча, у прэзентацыі ўдзельнічалі Уладзімір Някляеў, Павел Шарамет, журналіст Алесь Кіркевіч, маці палізняволенага Ігара Аліневіча Валянціна.

Гэта не першая канфіскацыя кніг у грамадскіх актывістаў. 14 кастрычніка на беларуска-польскай мяжы ў Паўла Севярынца забралі 20 экзэмпляраў кніг Зянона Пазняка.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў