26 красавіка ў Менску прайшоў Чарнобыльскі шлях.
20:31 Удзельнікі акцыі запальваюць знічы і ўскладаюць кветкі да крыжа і памятнага знаку.
20:28. Павел Севярынец абвесціў канец акцыі. Удзельнікі спяваюць гімн «Магутны божа».
20:25. Павел Севярынец зачытаў рэзалюцыю ад імя ўдзельнікаў сёлетняга «Чарнобыльскага шляху», у якой між іншага змяшчаецца заклік спыніць будаўніцтва АЭС у Астраўцы. А таксама патрабаванне спыніць палітычныя рэпрэсіі і забяспечыць свабоду слова і стварэння грамадскіх арганізацыяў і палітычных партыяў.
20:20. Пасля чарговай прамовы людзі скандуюць «Не АЭС на Беларусі».
20:00. Побач з капліцай у Парку Дружбы народаў прамаўляе Аляксандр Кабанаў, які выступае супраць будоўлі акумулятарнага заводу пад Берасцем.
«Пачынаеш разумець, што Беларусь ператвараюць у краіну адкідаў», – кажа актывіст.
19:42. Экалагічны актывіст патлумачыў, чаму варта прыходзіць на акцыі супраць АЭС:
«Трэба паказваць, што не ўсё проста так згодныя на тое, што адбываецца. Ёсць людзі, якія супраць. Мы ведаем прыклады, прынамсі два, цалкам пабудаваных АЭС, але не загружаных палівам – гэта ў Балгарыі і ў Расеі. Іх зачынілі ў апошні момант, не загрузіўшы паліва».
19:27 Айцец Вікенцій з Беларускай аўтакефальнай царквы бярэ ўдзел у шэсці.
«Маскоўская царква робіць духоўны ўплыў на наш народ, каб яны адракліся ад сваёй зямлі, мовы, быццам ёсць толькі адна нейкая. Нашая краіна здаўна, з часоў Еўфрасінні Полацкай з’яўляецца хрысціянскай, у той час на месцы Расеі была арда», – адзначыў айцец Вікенцій.
19:20 Да «Чарнобыльскага шляху» далучыліся жанчыны з руху «Маці 328» – маці маладых людзей, якія атрымалі доўгія турэмныя тэрміны паводле «наркатычных артыкулаў». Ад 27 красавіка яны абвяшчаюць бестэрміновую галадоўку, каб прыцягнуць увагу да сваёй праблемы. Галадаць будуць каля 20 асобаў.
19:14 Малады ўдзельнік акцыі акрэсліў тры вялікія праблемы, якія, на ягоную думку, ёсць у сённяшняй Беларусі: велізарныя завалы калійных адкідаў, асушаныя балоты і атамная станцыя, якая будуецца. Іншыя ўдзельнікі таксама звярнулі ўвагу на будову акумулятарнага заводу ў Берасці.
19:03 Шэсце амаль дайшло да плошчы Бангалор. Людзі крычаць «Жыве Беларусь».
18:59 Вядомая актывістка Ніна Багінская таксама прыйшла на акцыю.
«Самае асноўнае – трэба бараніць сваю нацыю. А ў нас Чарнобыль загадзіў нашую зямлю. Гэта была сусветная катастрофа, мы – ахвяры», – заявіла яна і дадала, што ў нас пачаўся і «духоўны Чарнобыль», маючы на ўвазе русіфікацыю, якая не была настолькі заўважная «нават пры Савецкім Саюзе».
18:51 Удзельнік акцыі, калі пачуў пра заявы ўладаў наконт «бяспекі на Астравецкай АЭС» адрэагаваў коратка: «Не веру я ў гэта».
18:32 Калона пачала рух.
18:30 Павел Севярынец прыйшоў на акцыю.
«Чарнобыльскім шляхам пачнецца Астравецкі. Мы лічым, што Астравецкая АЭС – расейская ядравая бомба, нам не патрэбны другі Чарнобыль, і таму мы праводзім «Астравецкі шлях» усю другую палову году», – заявіў палітык.
18:18 Заяўку на «Чарнобыльскі шлях» падавалі сем палітычных партыяў і грамадскіх рухаў. Сярод іх Беларуская хрысціянская дэмакратыя, прадстаўнік якой Віталь Рымашэўскі адзначыў:
«Гэты «Чарнобыльскі шлях» адрозніваецца тым, што будуць падзеі ў рэгіёнах. 26-га – першае з шэрагу мерапрыемстваў, якія пройдуць. Наступныя запланаваныя ў Заслаўі, Маладзечне і да Астраўца – каб прыцягнуць увагу грамадства да наступнай магчымай атамнай катастрофы».
Андрэй Ажароўскі – расейскі антыядравы актывіст
«У Расеі вялікія карпарацыі робяць вялікія намаганні, каб як мага больш людзей не ўзгадвалі пра Чарнобыль. Беларусы ў гэтым больш смелыя людзі. У нас Чарнобыль – гэта больш пра мінулае і менш пра сучаснае, таму што дзяржаўная карпарацыя «Расатам» кіруе баль. У нас у краіне 11 рэактараў «чарнобыльскага тыпу» і яны працуюць, іх ніхто не адключыў. Лукашэнка не вывучыў урокі мінулага. Гэта сумна, што ўлады прымаюць рашэнні не параіўшыся»
Андрэй Ажароўскі таксама мяркуе, што, калі трагедыя паўтарыцца, то зноў грамадства аператыўна нічога не даведаецца:
«Я не веру ані ўладам Беларусі, ані ўладам Расеі. Мы ведаем як яны сябе паводзяць. Вось быў жа інцыдэнт з рэактарам, які ўранілі. Павінныя былі адразу сказаць, паказаць сваю сумленнасць, тады, можа быць, да іх было б больш даверу. Але яны даказалі, што яны будуць хлусіць і хаваць усё максімальна».
Акрамя пытання бяспекі Ажароўскі таксама ўзняў эканамічны бок праблемы БелАЭС:
«Што там сказаў чалавек, які называе сябе прэзідэнтам? Што ён не ў курсе, як можна гэты аб’ект убудаваць у эканоміку краіны! Мы яго папярэджвалі! Мы рабілі экалагічную экспертызу, мы казалі, што гэта ў эканоміку не ўваходзіць!»
18:15 Удзельнікаў ужо каля 200.
18:10 Актывісты-«працаўнікі» зладзілі перформанс: прынеслі макет рэактару, які ўранілі. На пытанні, што адбываецца, кажуць: «Усё ў парадку». На макеце рэактару надпіс «Невиноватые мы, он сам упал».
18:05 На акцыю прыйшла экалагічная актывістка Таццяна Новікава. У каментары «Белсату» яна заявіла:
«32 гады – нікчэмна малы тэрмін. Яны яшчэ не мінулі, а ўжо год застаўся да пуска новай Астравецкай АЭС, якая будуецца з парушэннямі, з грэбаваннем да стандартаў бяспекі, дзе адбываюцца інцыдэнты. У беларусаў не запыталіся, ці хочуць яны гэтую АЭС. Таму сёння важна памятаць пра гэта і важна нагадваць, бо ў чалавека вельмі кароткая памяць».
18:00 На акцыю пачалі падыходзіць першыя ўдзельнікі. Яны трымаюць нацыянальную сімволіку і ікону «Маці Божую ахвяраў Чарнобылю». Іншыя актывісты выстраіліся уздоўж праспекту з партрэтамі палітычных зняволеных. Гэтая кропка не ўваходзіць у сагласаванае месца.
17:00 Cапёры з сабакамі абшукваюць кусты перад Акадэміяй Навук. Праз гадзіну там мусіць пачацца Чарнобыльскі Шлях.
Удзельнікі Чарнобыльскага шляху збяруцца а 18:00 каля кінатэатру «Кастрычнік». А 18:30 пачнецца шэсце па маршруце праспект Незалежнасці – Сурганава – Арлоўская да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля». Паміж 20:00-20:30 тут пройдзе малітва-мітынг. Наш канал правядзе стрым з акцыі:
Адначасова а 18-й у эфір тэлебачання выйдзе спецвыданне Студыі «Белсату».
«Чарнобыльскі шлях» – традыцыйная вулічная акцыя, якую штогод 26 красавіка праводзіць апазіцыя. Першая акцыя адбылася ў 1988 годзе.
ІІ, belsat.eu