«Чалавек з ружжом», або топ-5 экспанатаў ваеннай выставы ў Горадні


У Старым замку адкрылася выстава, прысвечаная войнам і рэвалюцыям на Гарадзеншчыне ў першай палове ХХ ст.

Нягледзячы на перманентную рэканструкцыю комплексу Старога замку, асноўная экспазіцыя там працягвае функцыянаваць. Больш за тое, нядаўна адкрылася выстава з нагоды 100-годдзя Лютаўскай рэвалюцыі 1917-га. Калейдаскоп экспанатаў, пры гэтым, больш шырокі і ахоплівае фактычна ўсю вайсковую гісторыю краю ад І да ІІ Сусветнай вайны.

Пасля рэвалюцыі 9 лістапада 1918 у Нямеччыне, калі краіна выйшла з вайны, агромністыя масы жаўнераў, пераважна з Украіны, вярталіся на Радзіму. Вяртацца праз Польшчу, пры гэтым, было небяспечна, таму быў утвораны «калідор» праз Гарадзеншчыну і Беласточчыну ва Ўсходнюю Прусію, апісаны ў «Вяртанні» Рэмарка.

Менавіта з гэтымі падзеямі і вялікай колькасцю адступаючых немцаў у Горадні, звязаная гісторыя нарукаўнай павязкі, якая належыла прадстаўніку «салдацкіх саветаў» былой кайзераўскай арміі. Пры гэтым, нямецкія «саветы» не варта блытаць з саветамі бальшавікоў, якія таксама масава ствараліся ў расейскім войску: немцы арыентаваліся на сацыял-дэмакратычны курс і да бальшавікоў ставіліся варожа.

Сцяжкі гарадзенскіх уланаў і польскай артылерыі ў Францыі

Цягам І Сусветнай вайны з палякаў, якія былі на заробках у ЗША ды Францыі, французскі ўрад стварыў Корпус Галера для баёў з немцамі. Паваяваць за французаў злучэнне так толкам і не паспела, затое менавіта дзякуючы яму Пілсудскі перамог у вайне з украінцамі, прыяднаўшы да Польшчы Галічыну разам са Львовам. Шмат хто з жаўнераў паходзіў з Горадні, так сцяжок і прывандраваў у горад над Нёманам.

Гарадзенскія ўланы, у сваю чаргу, гэта частка арміі Багатырэвіча, сфармаванай у 1918-1919 гадах для баёў непасрэдна з бальшавікамі. У ёй разам з палякамі служыла багата беларусаў.

Аўтамат Томпсана на ўзбраенні польскай паліцыі

Амерыканскі «томпсан» зазвычай асацыюецца ў нас з фільмамі пра гангсцераў 1930-х гадоў. Разам з тым, гэтая мадэль у міжваенны час была на ўзбраенні польскай паліцыі, у тым ліку і на нашых землях. Праўда, зусім у невялічкай колькасці: яе выкарыстоўвалі для «антытэрарыстычных» аперацыяў.

Другі шлях пранікнення «томпсанаў» у Беларусь – гэта Лендліз, амерыканская праграма па збройнай дапамозе СССР цягам ІІ Сусветнай. У гэтым выпадку аўтаматы саюзнікі пастаўлялі не самі па сабе, а ў дадатак да танкаў. Напрыклад, у Саюз ішоў «шэрман», а разам з ім камплект: шалом, куртка і аўтамат «томпсан».

Кіцель палітрука, які штурмаваў Горадню ў 39-м

Вуліца Гарнавых, якая вядзе ў занёманскую частку Горадні, названая па прозвішчы таго самага палітрука, уладальніка кіцеля, забітага пры спробе фарсіраваць Нёман 22 верасня 1939 года. Вопратку разам з партупеяй перадала ў музей удава вайскоўца, пры гэтым, зразумела, што гэта зменны камплект: загінуў вайсковец у іншым кіцелі.

Цікава, што палітрукі да 1940-га году былі ў савецкай арміі нібы паралельнай структурай: мелі адрозныя ад звычайных вайскоўцаў званні ды сімволіку, утвараючы нібы асобную касту. Палітрука або камісара можна было пазнаць па зорцы на рукаве, але пятліцы маглі быць чыстымі, пагонаў, вядома, яшчэ наагул не было.

Савецкая пілотка Роберта Любштайна

Адзін з ці не найбольш нетрывіяльных экспанатаў – пілотка чырвонаармейца часоў ІІ Сусветнай, цалкам звычайная з выгляду, калі не зірнуць усярэдзіну. Там можна знайсці штамп з надпісам «Роберт Любштайн. Берлін», які пакідае шмат пытанняў і здагадак…

Насамрэч, усё максімальна проста: пасля ўзяцця Берліна ў 1945-м савецкія войскі акумулявалі рэшткі нямецкай прамысловасці ды прыстасавалі да сваіх патрэбаў: у тым ліку ў плане вырабу абмундзіравання. Так, з дапамогай нямецкай тэхнікі ды якаснага тэкстылю з’яўляліся падобныя арыгінальныя прыклады савецкай формы.

Глядзі таксама
Каментары