Чачэнскіх кантрактнікаў адправілі ў Сірыю

video

Пра гэта паведамляе tvrain.ru. Расейскі тэлеканал спасылаецца на крыніцу блізкую да кіраўніцтва Чачэнскай рэспублікі і сваяка аднаго з кантрактнікаў, які служыць у Чачэніі.

Прадстаўнік кіраўніцтва рэспублікі пацвердзіў сапраўднасць відэа, на жаўнераў з ваеннай базы ў Ханкале, што месціцца недалёка ад Грознага, бласлаўляюць напярэдадні адпраўлення ў Сірыю.

Паводле tvrain.ru, сярод вайскоўцаў быў муфтый Чачэніі Салах Межыеў, які прыехаў падтрымаць вайскоўцаў, якіх адпраўляюць на вайну.

«(Кіраўнік Чачэніі Рамзан) Кадыраў прасіў (прэзідэнта Расеі Уладзіміра) Пуціна адправіць яго туды, сказаў, што ён марыць туды паехаць, каб ахоўваць мусульманаў. Клянуся Алахам, туды шмат хто марыў паехаць, пачынаючы з нашага кіраўніка. Людзі зайздросцяць тым, хто туды адпраўляецца. Вельмі шмат, хто гатовы адправіцца туды, калі ім толькі скажуць. У гэтым няма сумневу. Вы выйшлі з вялікай справай. Цяпер мы ўсё памолімся і папросім міласьці на шляху вайны», – цытуе тэлеканал Салаха Межыева, аўдыёзапіс выступу якога ўдалося знайсці журналістам tvrain.ru.

Паводле расейскага выдання «Новая газета», чачэнцы даўно ўжо ваююць у Сірыі, у тым ліку ў складзе джыхадысцкіх атрадаў. Сёлета Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў паведаміў, што байцы чачэнскага спецназу дзейнічаюць у тыле ў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» (ІД). Тады Кадыраў таксама заявіў, што сярод чачэнскіх вайскоўцаў ёсць страты. Паводле яго, яшчэ падчас утварэння ІД агенты спецслужбаў з Чачэніі пачалі працаваць у трэніровачных лагерах, дзе рыхтуюць баявікоў.

ЮВ, belsat.eu, паводле tvrain.ru

Глядзі таксама
Каментары