Мігрантка з Чачэніі ледзь не нарадзіла ў цягніку Тэрэспаль – Берасце


28 кастрычніка ў цягніку Тэрэспаль – Берасце ў грамадзянкі Расеі, якая хоча атрымаць статус уцекача ў Польшчы, адышлі воды.

Пра гэта Tut.by распавёў відавочца. Інфармацыю пацвердзілі і ў сілавых структурах.

У пятніцу жанчына паехала ранішнім цягніком у польскі Тэрэспаль разам з мужам і чатырма дзецьмі. На польскім баку пасля праходжання пашпартнага кантролю яе адправілі ў залу вакзалу для чакання зваротнага цягніка. Калі мігрантаў пасадзілі ў вагоны, каб выправіць іх у Берасце, у жанчыны адышлі воды. Яе вывелі з цягніка і перадалі хуткай.

Прадстаўнікі чачэнскай дыяспары, якія начуюць на вакзале ў Берасці, таксама пацвердзілі дадзеную інфармацыю. Паводле іх, цяжарная жанчына ў зале чакання вакзалу ў Тэрэспалі неаднаразова скардзілася на болі ў вобласці жывата.

«Яе ніхто не слухаў. Пасадзілі ў цягнік, і ўсё. Толькі калі адышлі вады, выклікалі хуткую і яе вывелі », – паведаміла адна з відавочцаў здарэння.

Глядзіце таксама >>> Праблема мігрантаў з Чачэніі ў Берасці

Мужа і чацвёра дзяцей цяжарнай з цягніка не здымалі. Тым жа цягніком яны прыехалі ў Берасце. Паводле «берасцейскіх чачэнцаў», жанчына нарадзіла ў польскім шпіталі. Пра стан маці і дзіцяці пакуль нічога не вядома. Муж не можа з ёй звязацца па тэлефоне, а праз мяжу яго не пускаюць, бо ён не мае візы.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў