Бюракратыя супраць ліквідатара


Рызыкаваў жыццём і здароўем, цяпер застаўся без ільготаў.

Цяжка хворы ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС Генадзь Данчыкаў з Гомельшчыны працягвае змагацца за права пайсці на пенсію датэрмінова. Бюракратычная машына стаіць на перашкодзе, а суд бярэ бок чыноўнікаў. Сам Генадзь не збіраецца здавацца, таму сёння сёння пачалося новае разбіральніцтва ў судзе Жлобінскага раёна.

Ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС Генадзь Данчыкаў з вёскі Рэкта, што на Гомельшчыне, штодня адчувае на сабе балючыя наступствы ўплыву радыяцыі. Як кажа сам, сурʼёзныя праблемы са здароўем пачаліся адразу пасля вяртання дамоў з Чарнобылю.

«Калі я прыехаў з Чарнобыля, мне было 25 гадоў, у мяне пачаліся галаўныя болі. Дзень баліць галава, два дні баліць галава, тры дні….Малады хлопец!» – распавядае Генадзь Данчыкаў.

І гэтак трыццаць гадоў. З кожным годам усё горш.

«У нас праблемы. У нас у кожным пакоі лекі. Усё мусіць быць пад рукою», – распавядае пра праблемы жонка ліквідатара Надзея Данчыкава.

Нядаўна Генадзь Данчыкаў спрабаваў датэрмінова, на дзесяць гадоў раней выйсці на пенсію. Такая ільгота (пасля скасавання большасці з іх) яшчэ належыць у Беларусі тым ліквідатарам, якія першыя дні і месяцы пасля катастрофы працавалі ў дзесяцікіламетровай зоне атамнай станцыі. Аднак камісія прызначэння пенсіяў Жлобінскага райвыканкаму адмовіла. Чыноўнікаў не пераканаў нават той факт, што Генадзю давялося ў якасці кіроўцы сістэматычна прыязджаць уласна на атамную станцыю.

«На самую станцыю гэта не паказнік. Дайце нам нейкі населены пункт, куды вы выязджалі. Калі б у даведцы быў населены пункт – тады так. Я кажу: я ў населены пункт не ездзіў, мяне адпраўлялі на самую станцыю. А станцыя ў якім населеным пункце?» – перадае словы камісіі Генадзь Данчыкаў.

У той час Генадзь Данчыкаў быў салдатам тэрміновае службы. У яго захаваўся вайсковы білет і пуцявыя лісты, якія сведчаць пра працу ў дзесяцікіламетровай зоне. Аднак гэтыя дакументы не здолелі пераканаць нават суд. Папярэдняе разбіральніцтва па ўстанаўленні факту працы Генадзя на станцыі цягнулася паўгода і скончылася нічым. Суд Жлобінскага раёна заявіў, што гэта не ягоная кампетэнцыя, а адмысловай камісіі.

«Мы падалі на камісію, а там кажуць, што такімі справамі ўвогуле не займаюцца. Тады хто мусіць устанавіць факт, што я насамрэч там быў? Мне ж не прыснілася. Я ж усё добра памятаю», – скардзіцца ліквідатар.

Адкуль бяруцца такія праблемы? Вось што кажа былы дэпутат Вярхоўнага савету 13-га склікання, экс-старшыня сталай камісіі ў праблемах чарнобыльскай катастрофы Віктар Хоміч:

«Людзі, якія заслужылі ільготы не могуць імі карыстацца, бо адсутнічае нармальная, сурʼёзная, абгрунтаваная заканадаўчая база».

А законы не першы год змяняюцца ў бок скарачэння ільготаў ліквідатараў аварыі на ЧАЭС.

«Нават 56 тыс. ліквідатараў-пенсіянераў нашая краіна не можа забяспечыць бясплатным праездам. Звычайная ільгота, якою ў Расеі і ва Украіне карыстаюцца пенсіянеры. Крыўдна і сорамна за нашую дзяржаву», – працягвае Віктар Хоміч.

Генадзь Данчыкаў усё ж спадзяецца, што гэтым разам яму ўдасца дайсці да справядлівасці праз суд. Чарговае разбіранне па скарзе супраць камісіі прызначэння пенсіяў адбудзецца ў судзе Жлобінскага раёну.

Ян Бабіцкі

Стужка навінаў