Былы санінструктар з батальёну князя Альгерда прызнаўся ў шпіянажы для Беларусі


Падазраваны ў шпіянажы на карысць Беларусі былы медычны працаўнік літоўскіх узброеных сілаў Андрэй Ашуркаў прызнаў сваю віну, заявіў журналістам пасля першага судовага паседжання адвакат абвінавачанага, яго сваяк Віктар Ашуркаў.

Дзяржаўны абвінаваўца, пракурор Генеральнай пракуратуры Радас Савіцкас паведаміў «BNS», што, перадаючы справу ў суд, ён прасіў разглядаць яго на закрытых пасяджэннях, паколькі ў справе маюцца сакрэтныя дакументы.

Адвакат абвінавачанага акцэнтаваў увагу журналістаў, што за яго кліентам доўгі час сачылі, інфармуе interfax.by.

У снежні мінулага года Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы паведаміў, што выведка Беларусі завербавала і мэтанакіравана ўкараніла Ашуркава ў літоўскую армію для выканання спецыяльных задачаў.

Ёсць падазрэнні ў тым, што ён перадаваў звесткі беларускаму боку цягам пяці гадоў, а за перададзеную інфармацыю атрымліваў грашовыя сродкі.

Беларускае Галоўнае ўпраўленне выведкі цікавілася вайсковай тэхнікай, узбраеннем, прызначэннем будынкаў вайсковых сілаў Літвы, удзелам у міжнародных аперацыях НАТО, планамі стандартных аперацыяў, рознымі вайсковымі вучэннямі, інфармацыяй аб складзе канкрэтных падраздзяленняў і службаў, асабістымі характарыстыкамі і маральна-псіхалагічнымі ўстаноўкамі вайскоўцаў.

Паводле інфармацыі пракурораў, Ашуркаў збіраў інфармацыю падчас непасрэдных зносін з вайскоўцамі, назіраў, запамінаў і па магчымасці фатаграфаваў дадзеныя, капіяваў схемы аб’ектаў, інфармацыю з рэгістрацыйных кніг і журналаў.

Андрэю Ашуркаву 29 гадоў, ён жыў у Каўнасе, мае сярэднюю адукацыю, не жанаты і не судзімы. Ён служыў у батальёне мотапяхоты ім. вялікага князя літоўскага Альгерда. Мужчыну затрымалі 24 студзеня 2014 года.

У Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі адмовіліся каментаваць паведамленні літоўскіх медыяў пра затрыманага ў студзені санітарнага інструктара ўзброеных сілаў Літвы.

«Мы адмаўляемся ад каментароў», – заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» начальнік прэс-службы КДБ Артур Стрэх.

У лістападзе 2014 года контрвыведка Літвы паведаміла пра абвінавачанне ў шпіянажы на карысць Беларусі працаўніка кампаніі, якая займаецца абслугай руху летакоў.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары