Былы палітвязень Васіль Парфянкоў ваюе ва ўкраінскім батальёне пад Данецкам


Грамадскі актывіст Васіль Парфянкоў 5 снежня 2014 года выйшаў з калоніі ў Горках. Амаль адразу пасля гэтага мужчына разам з сям’ёй – жонкай і сынам – з’ехаў ва Украіну.

Васіль запісаўся ў добраахвотны батальён Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, высветліла «Наша ніва».

«Беларусы былі заўсёды блізкія з Украінай. Гэта наш брацкі народ, таму я і вырашыў паехаць сюды. Стараюся дапамагаць, чым магу. Я праходжу службу ў батальёне АУН, у Песках пад Данецкам. Адбыў першую ратацыю – ад 14 студзеня да 14 лютага. На днях паеду назад«, – распавёў былы палітвязень.

Першапачаткова ён хацеў ехаць на вайну з «Правым сектарам», але ўзнікла папяровая цяганіна, таму беларус запісаўся ў батальён Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Пасля двух тыдняў падрыхтоўкі ў вучэбцы Васіль Парфянкоў адправіўся на фронт.

«Не сказаў бы, што трапіў у самае пекла, але страляюць многа. Страляе артылерыя, «Грады». Непасрэднага візуальнага кантакту з праціўнікам няма. Яны працуюць здалёк артылерыяй», – распавёў былы палітвязень. На фронце ён – шараговы баец- стралок, які ваюе з аўтаматам.

Паводле Парфянкова, ён запісаўся ва УНА-УНСО (Українська Національна Асамблея – Українська Народна Самооборона), калі ва Украіне была яшчэ Аранжавая рэвалюцыя, і ездзіў на трэнаванні гэтай арганізацыі, таму ўмее трымаць у руках зброю. Паводле актывіста, ён адзіны беларус у батальёне АУН, але ў «Правым сектары» ў Песках, ды ва ўсіх добраахвотных батальёнах ёсць таксама беларусы.

«Страх з часам прытупляецца. Гэта першы тыдзень-два страшна, калі побач пачынае працаваць «Град»… Страшна, рэальна страшна. А потым усё менш звяртаеш на гэта ўвагу. Проста на аўтамаце шукаеш укрыццё, каб адседзець гэтыя залпы. Тут хутка вучышся. Галоўнае чуць, дзе ляціць, і ты будзеш ведаць, куды снарад прызямліцца. Усе дамы ў Песках разбітыя, але засталіся падвалы, добрыя, крэпкія, іх не прабівае «Град», – распавёў Васіль Парфянкоў.

Былы палітвязень не збіраецца пакуль вяртацца ў Беларусь, бо ніхто не адмяняў крымінальны артыкул за наёмніцтва: «Пакуль нешта не пачне мяняцца ў нашай краіне, то вярнуцца не атрымаецца».

У батальёне ў Парфянкоў мае пазыўны «Сябро»

Паводле Парфянкова, на перадавой хапае ежы і рэчаў дзякуючы моцнай падтрымцы валанцёраў. Актывіст не атрымлівае заробку, бо з’яўляецца добраахвотнікам. «Толькі ў «Айдары» і «Данбасе», якія падпарадкоўваюцца Міністэрства ўнутраных справаў і абароны, то ім налічваюцца заробкі ад міністэрстваў», – заўважыў беларус.

Ён не збіраецца адмаўляцца ад беларускага грамадзянства, але разам з сям’ёй падаў дакументы на від на жыхарства ва Украіне.

«Літаральна ўчора званіў хлопцам у батальён. (Парфянкоў цяпер у адпачынку ў Кіеве – Belsat.eu) Кажуць, што крыюць «Градамі» трэцюю ноч запар. Кажуць, не атрымліваецца выйсці нават вады набраць з калодзежу – пастаянныя абстрэлы. А ўкраінскія войскі выконваюць пераміре. Практычна не страляюць з цяжкага ўзбраення», – расказаў беларус.

Раней медыі паведамлялі пра беларуса з пазыўным «Сябро», які ваюе ў Песках. У ранейшым інтэрвю ён распавёў, што ў «яго баліць сэрца за тое, што робіць тут (ва Украіне – Belsat.eu) Расея».

Васіль Парфянкоў быў удзельнікам Плошчы-2010, асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі, але ўжо ў жніўні 2011 быў памілаваны. Пазнейшае зняволенне Васіля Парфянкова было звязанае з парушэннем прэвентыўнага нагляду, якое замацоўвалася за ім пасля вызвалення з турмы.

Паводле Змітра Панкаўца, nn.by

Стужка навінаў