Брытанскія СМІ рассакрэцілі імя забойцы Усамы бін Ладэна


Тры кулі падчас рэйду ў ягоным сакрэтным логаве ў Пакістане 2 траўня 2011 года выпусціў 38-гадовы «марскі коцік» Робэрт О’Ніл.

Звычайна падобная інфармацыя засакрэчаная, але О’Ніл вырашыў адмовіцца ад свайго права на ананімнасць дзеля вялікага інтэрв’ю тэлеканалу «Fox», якое выйдзе ў эфір 11 лістапада, паведамляе «Daily Mail».

Паводле прызнання спецназаўца, ён раскрывае сябе не дзеля славы. Забойца «тэрарыста №1» вырашыў датэрмінова сысці на спачынак. Замест неабходных 20 гадоў ён праслужыў 16. Праз гэта вайсковец страціў частку пенсіі і сацыяльных прывілеяў.

У паслужным спісе О’Ніла – 400 місіяў, 30 ліквідаваных злодзеяў, 10 камандзіраванняў у месцы баявых дзеянняў, у ліку якіх Афганістан і Ірак. За адвагу і заслугі перад радзімай ён атрымаў 52 узнагароды, а ягоны прататып лёг у аснову сюжэтаў такіх галівудскіх фільмаў, як «Капітан Філіпс», «Мэта нумар адзін», «Ацалелы».

Гісторыя кар’еры марскога пяхотніка пачалася з няўдалага кахання, з-за якога ён вырашыў пайсці служыць. Паводле выдання, цяпер О’Ніл перажывае не самыя лёгкія часы, падпрацоўваючы трэнерам па матывацыі. На сустрэчах ён распавядае слухачам пра свой жыццёвы досвед.

За ўдзел у тэлепраграме О’Ніла чакае буйное ўзнагароджанне.  

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары