Больш за 2 тысячы асобаў вызваляць праз амністыю. Палітвязні застануцца за кратамі


Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч паведаміў, што амністыя закране каля 8.600 асуджаных. У прыватнасці, прыкладна 2.200 чалавек могуць быць вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі, 755 – з устаноў адкрытага тыпу, 5.685 – з крымінальна-выканаўчых інспекцыяў.

‘Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні прынялі адразу ў двух чытаннях законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў».

Традыцыйна законапраект прадугледжвае вызваленне ад пакарання так званай льготнай катэгорыі асоб – непаўналетніх, цяжарных, жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць дзяцей да 18 гадоў, асоб пенсійнага ўзросту і гэтак далей.

У Праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі «Белсату», што імавернасць вызвалення праз амністыю палітвязняў – «практычна нулявая». «Шанцаў вельмі мала. Справа ў тым, што такія амністыі ладзяць не для такой катэгорыі асобаў. Больш за тое амаль няма спадзяванняў і на тое, што камусьці з палітвязняў зменшаць тэрмін», – гаворыць праваабаронца Настасся Лойка.

Цяпер, паводле праваабаронцаў, у Беларусі за кратамі знаходзяцца шасцёра палітвязняў.

Амністыя не будзе распаўсюджвацца таксама на асобаў, да якіх на працягу 2009–2015 гадоў прымянялася амністыя або памілаванне і якія зноў учынілі злачынства; якія поўнасцю не кампенсавалі прычыненую злачынствамі страту; на асуджаных за злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, бандытызм, тэрарызм, фінансаванне і садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці і шэраг іншых.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары