Больш платоў і службовых сабакаў. Вялікая Брытанія ўзмоцніць французскую мяжу


Дэйвід Кэмэран хоча ўскладніць доступ да Вялікай Брытаніі нелегальным мігрантам, якія штодня штурмуюць тунэль пад Ла-Маншам.

З гэтае прычыны брытанскія ўлады нададуць Францыі адмысловае абсталяванне для кантролю мяжы, а таксама – службовых сабакаў і агароджы.

У сваім «Twitter’ы» прэм’ер Вялікай Брытаніі назваў «непрымальнаю» сітуацыю, што склалася з нелегальнымі мігрантамі ў французскім партовым горадзе Кале.

На думку Кэмэрана, прыярытэт брытанскага ўраду – развязанне гэтае праблемы «любым шляхам, якім гэта можна зрабіць».

Паводле звестак французскага МУСу цягам апошніх двух месяцаў кожную ноч прыблізна 1,5–2 тысячы мігрантаў спрабуюць трапіць у Вялікую Брытанію праз тунэль, які ідзе пад Ла-Маншам. Але ў ноч з аўторка на сераду нелегальна перакрочыць мяжу спрабавалі ажно 2,3 тысячы асобаў (сярод якіх шмат грамадзянаў Сірыі і Эрытрэі). Паводле ацэнак брытанскага боку, каля 150 асобаў такім шляхам штодня дабіраюцца да Вялікай Брытаніі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў