Блогера Лапшына, якога Беларусь выдала Азербайджану, пачнуць судзіць 30 чэрвеня


фота news.milli.az

Сёння на падрыхтоўчым паседжанні Бакінскага суду па цяжкіх злачынствах прызначылі дату пачатку судовага працэсу па крымінальнай справе блогера Аляксандра Лапшына.

Суд пачнецца 30 чэрвеня, паведамляе азербайджанскі рэсурс 1news.az.

Паводле паведамлення агенцтва ТАСС, на падрыхтоўчым паседжанні прысутнічалі праваабаронцы і прадстаўнікі амбасадаў Расеі, Украіны і Ізраіля – грамадзянінам гэтых краін з’яўляецца Лапшын.

Блогера абвінавачваюць у тым, што ён «уступіўшы ў злачынную змову з іншымі асобамі, якія пражываюць на акупаваных армянскімі ўзброенымі фармаваннямі азербайджанскіх тэрыторыях, у красавіку 2011 і кастрычніку 2012 году незаконна наведаў захопленыя землі ў мэтах прапаганды незаконнага рэжыму на міжнародным узроўні».

Паводле мясцовага заканадаўства, Лапшыну пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Аляксандра Лапшына затрымалі ў Менску ў снежні 2016 году і сёлета ў лютым экстрадзіравалі ў Азербайджан, за што прэзідэнт Ільхам Аліеў падзякваў Лукашэнку ў тэлефоннай размове 8 лютага.

Азербайджанскі бок заклікаў міжнародную супольнасць не палітызаваць справу Лапшына. Аднак МЗС Расеі і парламент Арменіі выказалі сваю незадаволенасць ягонай экстрадыцыяй.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары