Бізнес на вайне: як Беларусь «корміць» Данбас. Расследаванне «Белсату». Частка 1


«Першы Рэспубліканскі супермаркет» – найбуйнейшая гандлёвая сетка «ДНР»

Ва ўмовах эканамічнай блакады «ДНР» і «ЛНР» з боку Украіны прадукцыя дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў трапляе да сепаратыстаў праз расейска-украінскую мяжу, якая не кантралюецца афіцыйным Кіевам. Падрабязнасці шэрага бізнесу беларускай дзяржавы – у расследаванні «Белсату».

Інфармацыя пра тое, што беларускія прадукты былі заўважаныя ў крамах Данецку і Луганску з’яўляецца ў сеціве рэгулярна, але на адзінкавых прыкладах было цяжка ацаніць маштабы гэтага бізнесу. А маштабы сапраўды значныя: гэтак, данецкі дзелавы партал DNR-live ацэньвае долю беларускай прадукцыі на спажывецкім рынку «ДНР» прыкладна ў 25%.

Мясцовыя жыхары пацвярджаюць вялікую колькасць беларускіх тавараў на паліцах супермаркетаў Данецку і Луганску.

«Алкаголь, сыры, мяса глыбокай замарозкі… Прычым да вайны такіх беларускіх прадуктаў мы не бачылі – мяса ці піва беларускае… ніколі! Гэты паток ужо потым пайшоў. Попыт на іх цяпер вельмі вялікі – расейскія моцна саступаюць па якасці і цане», – распавяла «Белсату» жыхарка Луганску.

Беларускія тавары ў «отжатых» супермаркетах

Гандлёвыя сеткі і аптовыя кампаніі ў «ДНР» і «ЛНР» надзвычай закрытыя для прэсы. Размаўляць з журналістамі па тэме паставак з Беларусі яны катэгарычна адмаўляюцца. Большасць з іх не маюць нават сайтаў, імёны і кантактныя нумары кіраўніцтва знайсці складана, як і асартымент прадукцыі.

Але бываюць і выключэнні. Гэтак, данецкая гандлёвая сетка «Амстор» (паводле СМІ – наўпрост падкантрольная лідару «ДНР» Аляксандру Захарчанка) прапаноўвае на афіцыйным сайце пералік сваёй прадукцыі. Толькі ў спісе гэтага супермаркету «Белсат» налічыў тавары 8 беларускіх прадпрыемстваў.

Данецкі “Амстор” прапаноўвае шырокі асартымент беларускай прадукцыі

Кіраўніцтва найбуйнейшай у «ЛНР» гандлёвай сеткі «ЛНРПродторг», створанай на базе «отжатых» баевікамі ўкраінскіх супермаркетаў «Лелека», у інтэрвю мясцовай газеце «Жизнь Луганска» ў жніўні 2015 году хвалілася наўпроставымі кантрактамі з Беларуссю. Дырэктар «ЛНРПродторг» Алеся Палтаўчанка агучыла тады назвы 9 беларускіх прадпрыемстваў, сярод якіх – тытунёвы завод «Нёман», агракамбінат «Дзяржынскі» і «Санта-Бремор» (усе яны не прызнаюць пастаўкі ў «ЛДНР»). У самім «ЛНРПродторгу» «Белсату» пацвердзілі гандлёвыя сувязі з Беларуссю, але дэталі распавядаць адмовіліся.

Пункты прызначэння – Данецк, Луганск

Фота – gomel.today

Звычайна стараюцца не афішаваць супрацу з «ЛДНР» і беларускія заводы, але некаторыя гэтага не хаваюць.

«Так, мы працуем з Данецкам, – паведаміла «Белсату» намеснік генеральнага дырэктара фабрыкі «Камунарка» па камерцыйных пытаннях Лілія Сівакова, – Гэта наўпроставыя пастаўкі. Пастаўляем шакалад, шакаладныя цукеркі. Карамель не пастаўляем. Ніякіх праблемаў у нас там няма, працуем па папярэдняй аплаце. Разлічваюцца яны расейскімі рублямі. Наколькі там істотныя аб’емы для «Камунаркі»? Ну, кожная пастаўка вельмі важная, бо гэта перадаплата. Вядома, пастаўкі ў Расеі ў нас займаюць 80% ад агульнага аб’ему экспарту. Столькі, колькі з’ядае Расея не з’есці ніхто – ні Данецк, ні Луганск. На Данецк у нас прыходзіцца некалькі адсоткаў экспарту».

Прадукцыя кандытарскай фабрыкі «Спартак» таксама заўважана ў Данецку і Луганску, але распавесці журналістам аб супрацы з «ЛДНР» там не захацелі. На прадпрыемстве факт паставак не пацвердзілі і не абвергнулі, заявіўшы, што яны «не будуць даваць такую інфармацыю».

Гэтак сама адрэагавалі на пытання «Белсату» ААТ «Савушкін прадукт». Намеснік дырэктара на сувязях з грамадскасцю Алена Бабкіна спачатку запатрабавала пісьмовы запыт, а потым заявіла, што каментар па пастаўках у «ЛДНР» даваць не будзе.

У кампаніі «Санта-Бремор» адназначна заявілі, што сваю прадукцыю ў «ДНР» і «ЛНР» не пастаўляюць. На просьбу журналіста «Белсату» патлумачыць, якім чынам у такім выпадку ў данецкіх і луганскіх супермаркетах з’яўляюцца прадукты «Санта-Бремор», у кампаніі адрэагавалі рэзка: «Мы адмаўляемся з вамі гутарыць. Ніякіх каментароў не будзе».

Кампанія «Санта-Бремор» уваходзіць у дзяржаўны канцэрн «Брэстмясамалпрам». Іншыя прадпрыемства канцэрну пра гандаль з «ДНР» і «ЛНР» распавядаюць спакайней.

«Мы пастаўляем сыры (цвёрдыя ды плаўленыя) і тварог праз расейскую фірму, якая з’яўляецца нашым афіцыйным дыстрыбютарам. Але пункт прызначэння ў дакументах канкрэтна прапісваецца – Данецк, Луганск. У дакументах гэта пазначаецца не як тэрыторыя Украіны, а неяк інакш…Зараз ужо не памятаю. Прыкладна каля 20 тон у месяц мы туды пастаўляем», – заявіў «Белсату» першы намеснік дырэктара ААТ «Кобрынскі масларобна-сыраробны завод» Мікалай Токар.

Фота – kobrincheese.com

Гандлюе кобрынскі завод і з анексаваным Крымам – прычым не праз пасярэднікаў на тэрыторыі РФ, а наўпрост з крымскім кампаніямі. На сайце «Кобрынскага масларобна-сыраробнага заводу» у якасці афіцыйных дістыбютараў пазначана ТАА «Першая крымская харчовая кампанія». Паводле Мікалая Токара, у Крым штомесяц ідзе каля 20 тонн сыроў і тварагоў з Кобрына. Дарэчы, на сайце сімферопальскай «Першай крымскай харчовай кампаніі» сярод партнёраў акрамя кобрынскага заводу пазначаны яшчэ два беларускія прадпрыемствы – «Гама густу» (Клецк) і «Беллакт» (Ваўкавыск).

Пад пагрозай санкцыяў

Бярозаўскі сыраробны камбінат і Пружанскі малочны камбінат таксама пацвярджаюць гандаль з «ЛДНР».

«Мы гандлюем з Данецкам і Луганскам, але не трэба гэта афішаваць. Працуем паспяхова, з двума фірмамі, прэтэнзіяў ніякіх няма. Аб’емы паставак для нашага камбіната даволі сціплыя, а для некаторых, можа і сурёзныя. Усе ідзе добра, паводле плану», – кажа дырэктар бярозаўскага камбінату Уладзімір Папеня.

Назву фірмаў, з якімі працуе прадпрыемства, Папеня не назваў, але пацвердзіў, што яны знаходзяцца ў Данецку і Луганску.

Бярозаўскі сыраробны камбінат. Фота – cheese.by

Дырэктар Пружанскага малочнага камбінату Ўладзімір Мікіціч распавёў «Белсату», што ў красавіку афіцыйны Кіеў накіраваў у МЗС Беларусі ноту, у якой выказваў занепакоенасць гандлёва-эканамічнай супрацай беларускіх прадпрыемстваў з фірмамі ў «ЛДНР». Пасля гэтага ўрад Беларусі разаслаў па кампаніях лісты з папярэджаннем, што за гандаль з сепаратыстамі Украіна можа ўвесці супраць іх санкцыі. На пружанскім заводзе вырашылі прыслухацца, тым больш, што аб’емы паставак у «ЛДНР» былі невялікія. «Цяпер мы з імі не працуем», – дадаў Мікіціч.

Тое, што па беларускіх прадпрыемствах рассылаліся папярэджанні наконт магчымага ўвядзення санкцыяў з боку Украіны «Белсату» пацвердзілі і на Гарадзенскім лікера-гарэлачным заводзе, які ўваходзіць у холдынг «Мінск Крыстал Груп». Але Гародню гэта не прымусіла скасаваць супрацу з «ЛДНР». Асаблівай папулярнасцю ў іхных данбаскіх партнёраў карыстаецца танная гарэлка: «Жытняя», «Золата палёў», «Залаты ўраджай».

Данбаскія шэрыя бізнес-схемы

Каб праверыць, як звычайна наладжваецца супраца паміж беларускімі кампаніямі і фірмамі сепаратыстаў, «Белсат» звязаўся з аддзелам знешнеэканамічнай дзейнасці «Пінскага мясакамбіната» пад выглядам бізнэсоўца з Данецку, які б хацеў пастаўляць беларускую прадукцыю на непадкантрольныя Кіеву тэрыторыі.

На прадпрыемстве заявілі, што гатовыя працаваць з данецкімі прадпрымальнікамі без пасярэднікаў і папрасілі даслаць рэквізіты для заключэння дамовы, папярэдзіўшы, што наўпрост з «ДНР» заключыць кантракт немагчыма – «трэба каб кантракт быў з Украінай або РФ».

Рэакцыя пінскага заводу добра ілюструе асаблівасці гэтага бізнесу. Беларускія прадпрыемствы не могуць пазначыць у дакументах фірму з неіснуючай дзяржавы, а данбаскія кампаніі не могуць разлічыцца з Беларуссю праз уласную банкаўскую сістэму.

«З «ДНР» магчыма аплата толькі ў рублях. І аплаціць можна толькі ў РФ. Калі трэба заплаціць у валюце – у «ДНР» робіцца дазвол на вываз валюты, а далей аплата ідзе, як атрымаецца. Праўда, у «ДНРаўскім» банку дазвол на вываз валюты ў Беларусь не даюць. То бок легальных спосабаў разлічыцца з Беларуссю не існуе», – патлумачылі нам у адной з данецкіх кансалтынгавых фірмаў, якая працуе з Беларуссю.

Менавіта таму для гэтага бізнесу патрэбная фірма-пракладка, праз рахункі якой можна можна расплочвацца за тавары і якую можна пазначаць ва ўсіх дакументах.

“Першы Рэспубліканскі супермаркет”, Данецк. Справа на паліцах – беларускія сокі ABC

У выніку схема выглядае так: беларуская кампанія вядзе наўпроставыя перамовы з аптовай фірмай з «ЛДНР», наўпрост пастаўляе ў Данецк і Луганск свой тавар, але фармальна мае кантракт, напрыклад, з расейскай фірмай, якая, у сваю чаргу так ці інакш звязаная з сепаратыстамі або Беларуссю.

Грошы на рахунак расейскай фірмы трапляюць або праз ЦМР-банк (банк, які выкарыстоўваецца для разлікаў расейцаў з «ЛДНР»), або праз банкі Паўднёвай Асеціі (Паўднёвая Асеція прызнае «ДНР», а Расея прызнае Асецію, таму праз яе банкаўскую сістэму можна праводзіць грошы з Данецку і Луганску ў РФ), або проста наяўнымі ў торбах. Патрапіўшы на рахунак расейскай фірмы-пракладкі грошы за тавар абсалютна легальна пералічваюцца беларускім заводам.

Такім чынам, беларускія прадпрыемствы не парушаюць законы Рэспублікі Беларусь. Затое парушаюць заканадаўства Украіны, якое забараняе пастаўкі тавараў у непадкантрольныя Кіеву раёны Данбасу, а таксама ў Крым.

Беларускія чыпсы “Онега” у супермаркеце Луганску

У сваю чаргу, афіцыйная статыстыка дэманструе анамальныя лічбы: экспарт Беларусі ў памежную з Данбасам Растоўскую вобласць у 2016 годзе вырас на 20,5%, дасягнуўшы ўзроўню 201 млн. долараў (пры тым, што агульны таваразварот Беларусі і Расеі ў мінулым годзе знізіўся). А ў траўні 2017 году віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы паабяцаў давесці таваразварот з Растоўскай вобласцю да 500 млн USD.

 

У другой частцы расследавання «Белсат» распавядзе пра тое, якая гарэлка і піва пад гандлёвымі маркамі «ДНР» вырабляецца на беларускіх заводах, як Беларусь гандлюе з «ЛДНР» праз Ганконг і Канаду, і хто з лідараў сепаратыстаў асабіста мае дачыненне да бізнесу з Беларуссю.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары