Без абязалаўкі і алкаголю. Вялікі гарадскі пікнік у Магілёве


Чацвёрты год запар у Магілеве праходзіць свята, якое ладзяць мясцовыя актывісты

Улады гораду не бяруць аніякага ўдзелу ў свяце, калі не лічыць іхнага дазволу на яго правядзенне. Насуперак дзяржаўным традыцыям, тут няма «абязалаўкі» і алкаголю. АМАПу і кардонаў тут таксама няма – усё з добрай волі магілёўцаў.

Вялікі гарадскі пікнік – некамерцыйная імпрэза, якая збірае да 10 тысячаў гасцей

Арганізатар свята – няўрадавая арганізацыя «Цэнтр гарадскіх ініцыятываў» (яна ладзіць таксама свята нацыянальнай культуры «Дранік-фэст» і арганізоўвае школу гарадскіх ініцыятываў «Цяпліца»).

«Сэнс Вялікага гарадскога пікніка – аб’яднаць актыўных людзей, якія жадаюць сябе праявіць, – тлумачыць кіраўнік «Цэнтру гарадскіх ініцыятываў» Юрый Стукалаў. – Гэтае свята робяць самі людзі, мы толькі дапамагаем ім з арганізацыйнымі пытаннямі. Уваход на наш пікнік для ўсіх вольны. Мы хочам прышчапіць гараджанам іншую культуру адпачынку – без алкаголю і на вольным паветры. Таму ў нас на фуд-корце толькі безалкагольныя напоі, і мы пра гэта папярэджвалі сваіх гасцей загадзя. Мы адмыслова задзейнічаем непапулярнае ў гараджанаў месца – гарадскі пляж, каб трошкі ажывіць яго».

Юрый Стукалаў

Сёлета гасцям пікніка запрапанавалі засвоіць урокі малявання і ўласнаручна сабраць беларускія сімвалы са стужак.

Сёлета ў пікніка быў творчы…
…і спартовы ўхіл

У зоне актыўнасці «лэнд-арт» кожны мог далучыцца да стварэння вялікага гербарыя. Для аматараў чытання працуе кніжная барахолка.


На пікніку былі радыя раварыстам: падтрымаць роварны рух мелася адмысловая выстава і тэматычная фотазона

Вяровачны гарадок, зона паэтаў, рамеснікі, зона настольных гульняў, лазерны лабірынт – і гэта толькі невялікі спіс ініцыятыў пікніка.

 

 

 

 

 

 

 

 

Сёлетні Вялікі гарадскі пікнік сабраў каля 40 розных ініцыятываў

Музычны блок на пікніку прадставілі пераважна маладыя магілёўскія гурты: «Усе чужыя», «Late Virgin», «Холст Драйзера», «6 points». Ім за шчасце выступіць перад такой колькасцю гледачоў, а людзям, у сваю чаргу, цікава пабачыць нешта новае.

«Мы бы не змаглі зладзіць аніякага свята, калі б не такая вялікая колькасць нашых актывістаў і валанцёраў, – кажа Юрый Стукалаў. – Гэта маладыя людзі, якія зацікаўлены, каб мяняць гарадскую прастору сваімі рукамі, яны ініцыятыўныя, яны нешта сваё прапануюць і гатовыя дапамагаць».

Паводле папярэдніх падлікаў, імпрэзу наведалі каля 10 тысячаў чалавек.

АС

Стужка навінаў