Беспадстаўнае затрыманне скончылася пераломам. Але міліцыянта не прыцягваюць да адказнасці


«З вялікай верагоднасцю нагу мужчына мог пашкодзіць сабе сам па неасцярожнасці», – гэтак пракуратура ў Слоніме патлумачыла адмову завесці крымінальную справу пасля скаргі пацярпелага Уладзіміра Яфіміка. Гарадзенская пракуратура прызначыла дадатковую праверку.

Як сцвярджае жыхар Слоніму Уладзімір Яфімік, летась 31 жніўня падчас затрымання міліцыянт ударыў яго па назе. Гэта сталася прычынаю сур’ёзнага пералому, некалькі месяцаў ён быў прыкаваны да шпітальнага ложку. У выніку працяглага шпітальнага адпачынку і калецтва мужчына страціў працу. Пры гэтым ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць міліцыянтаў Слонімскі следчы камітэт мужчыне адмовіў.

Інцыдэнта адбыўся ў дзень, калі Уладзімір Яфімік разам з сябрамі адзначаў нараджэнне ўнука. Пасля таго, як госці разышліся, мужчына вырашыў наведаць суседа, які жыве ў суседнім доме. Па дарозе да знаёмага яго спынілі двое супрацоўнікаў міліцыі.

«Я ішоў па тратуары прыстойна апрануты, у белай кашулі, нікога не чапаў. Насустрач крочылі міліцыянты, спынілі мяне, прадставіліся. Спыталіся, ці выпіў. Я шчыра адказаў, што выпіў. Дакументаў у мяне з сабой не было. Я назваў сваё імя, прозвішча і адрас, сказаў, што жыву побач, аднак міліцыянты ўсё роўна запатрабавалі, каб я паехаў з імі ў міліцыю.

Я занерваваўся і вылаяўся мацюком. Разумееце, мне 55 гадоў і ўпершыню мяне спыняе міліцыя, пры тым, што я нікога не чапаў і нікому не перашкаджаў, проста ішоў сабе па дарозе. Пасля таго, як я мацюкнуўся, супрацоўнікі міліцыі выклікалі машыну і завезлі мяне ў РАУС. Пры гэтым пасадзілі мяне ў адзіночную камеру», – распавядае Уладзімір Яфімік.

Пасля некалькіх гадзінаў затрымання мужчыну павезлі ў шпіталь, каб атрымаць медычнае заключэнне.

«У мяне сын хворы на анкалогію. Дый на працу я паўгады таму ўладкаваўся. Я спалохаўся, пачаў прасіць міліцыянтаў, каб адпусцілі. У адказ міліцыянты спынілі машыну, пагражалі завезці ў лес. Адзін з іх стукнуў мяне два разы ў грудзі. Тады я замаўчаў і проста сядзеў. Калі мы выйшлі з машыны, на мяне зноў накінуліся, пачалі крычаць, каб я выходзіў. Мяне ўхапілі, пачалі заломваць рукі, надзяваць наручнікі, сагнулі мяне да зямлі. Я хацеў крыху выпраставацца і тады адзін з міліцыянтаў ударыў мяне па правай назе. У мяне ў галаве пацямнела і я ўпаў на калені. Тады яны пачалі крычаць, каб я ўстаў. Пабачылі, што ўстаць не магу, і павалаклі мяне ў прыёмны пакой», – кажа слонімец.

Нагу зламаў сабе сам?

Медыцынскае заключэнне Уладзіміра Яфіміка: закрыты пералом правага галёнкаступнёвага сустава

Пасля абследавання выявілася, што Уладзімір Яфімік атрымаў закрыты пералом правага галёнкаступнёвага сустава. З прыёмнага пакоя мужчыну перавезлі ў траўматалогію. Паколькі слонімец быў у стане алкагольнага ап’янення, яму без наркозу прасвідравалі нагу, каб уставіць спіцы. Наступную аперацыю зрабілі праз два тыдні. Наперадзе – яшчэ дзве.

Неўзабаве Слонімскі суд прысудзіў мужчыне 75 рублёў штрафу, аднак пасля звароту ў Гарадзенскі абласны суд, справу Уладзіміра Яфіміка спынілі праз адсутнасць складу адміністратыўнага злачынства.

Гарадзенскі суддзя прызнаў, што грамадзянін Уладзімір Яфімік стаў лаяцца толькі пасля таго, як яму прапанавалі прайсці ў Слонімскі РАУС, ацэньваючы гэткім чынам дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Паводле суда, слонімец не абражаў чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць, а неабходнасці затрымліваць яго не было.

У той жа час Старэйшы следчы Слонімскага раённага аддзелу Следчага камітэту адмовіўся заводзіць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, якія затрымалі Уладзіміра Яфіміка – таксама праз адсутнасць складу злачынства. Пры разглядзе справы следчы спаслаўся на аказанае непадпарадкаванне міліцыянтам і тое, што відэакамера ля ўваходу ў шпіталь нічога не запісала: было цёмна. А значыць доказаў таго, што міліцыянты збівалі Яфіміка нібыта няма.

У пісьмовай адмове старэйшы следчы зазначыў, што «цялесныя пашкоджанні, указаныя пацярпелым, з вялікай верагоднасцю маглі быць прычыненыя па асабістай неасцярожнасці».

Наступствы затрымання

Пасля пералому з-за пастаянных шпітальных адпачынкаў Уладзіміра Яфіміка звольнілі з працы. Кіраўніцтва мясакамбіната, дзе раней мужчына працаваў грузчыкам, прапанавала яму «больш лёгкую» працу паляводам у калгасе. Аднак з-за стану нагі слонімец адмовіўся. Як распавядае пацярпелы, зараз ён можа хадзіць толькі ў берцах, каб не так балела нага.

«Пасля гэтага мне не працягнулі кантракт у краме, дзе я працаваў. Які я працаўнік, калі я паўгады праз гэтую нагу не рабіў фактычна? І зараз мне таксама нага баліць. Мне 55 гадоў і куды мне звяртацца? Я ледзьве хаджу. Не ведаю што рабіць», – кажа пацярпелы.

Параіўшыся з адвакатам Уладзімір Яфімік скіраваў скаргу на супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру Гарадзенскай вобласці. У адказ на скаргу пракуратура скасавала пастанаўленне не ўзбуджаць крымінальную справу ў дачыненні да міліцыянтаў і прызначыла дадатковую праверку.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота аўтаркі.

Стужка навінаў