Берасцеец змагаецца з бяcчынствам чыноўнікаў з дапамогаю дакументальнага кіно


За паўгода Сяргей Пятрухін зняў ужо дзве стужкі пра перадзел уласнасці ў цэнтры гораду.

Героі фільму – звычайныя людзі, якім «пашчасціла» мець уласнасць у гістарычным цэнтры Берасця і стаць змагарамі за сваю ўласнасць з чыноўнікамі. Як вядома, падпісваючы інвестыцыйныя дамовы, улады выцясняюць людзей з цэнтру гораду на ўскраіну, тым самым забіраючы ва ўласніка яго маёмасць.

Звычайна ўлады дзейнічаюць па двух схемах: прызнаюць дом аварыйным або забіраюць яго на дзяржаўныя патрэбы.

Першы фільм Пятрухіна распавядае пра жыхароў дома на вуліцы Астроўскага, 10. Дзве сям’і некалькі гадоў змагаліся за сваю ўласнасць з уладамі і перамаглі – іх дом быў выключаны з інвестыцыйнай дамовы.

Новы фільм Сяргея пра жыхароў дома па вуліцы Гогаля, 42, якія толькі пачалі змагацца з дзяржаўнай карупцыйнай машынай.

«Я здымаю гэтыя фільмы, таму што не магу глядзець на беззаконне, – кажа Сяргей Пятрухін. – У любы дзень ты можаш апынуцца ў падобнай сітуацыі, як і героі майго фільма. Чыноўнікі – гэта людзі, якім народ плаціць грошы, каб чыноўнікі рабілі жыццё народа лепш. Але сярод чыноўнікаў шмат людзей недобрасумленных, якія выкарыстоўваюць сваё становішча для асабістага ўзбагачэння. Яны дыскрэдытуюць уладу ў вачах народа, таму што дзейнічаюць нахабна і не хаваючыся».

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў