«Белсату» – 8 гадоў. Дзякуем, што застаяцеся з намі

video

Першы незалежны тэлеканал Беларусі ўжо воcем гадоў працуе «па-беларуску і без цэнзуры». Нашыя аўтары даносяць да Вас праўдзівую інфармацыю, шукаюць незвычайных герояў ды даследуюць важныя падзеі на радзіме і за мяжой.

10 снежня 2007 года, у Міжнародны дзень правоў чалавека, распачаў спадарожнікавую трансляцыю тэлеканал «Белсат».

Над стварэннем каналу працавала група журналістаў з Польшчы і Беларусі пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, якая зʼяўляецца дырэктарам каналу. У 2013 годзе еўрапейскае выданне міжнароднага часопісу «Readerʼs Digest» назвала спадарыню Агнешку Рамашэўскую-Гузы «Еўрапейцам года-2013».

«Нашыя магчымасці ў наступным годзе залежаць ад вонкавых умоваў, гэта значыць, ці акажацца праўдаю лібералізацыя ў Беларусі, ці адкрыецца, хоць бы адносна, Беларусь да свету, – заўважыла кіраўніца «Белсату». – Калі гэта адбудзецца, то, думаю, мы будзем у стане здзейсніць шмат культурных, гістарычных праектаў, ды такіх, якія адлюстроўваюць звычайнае жыццё людзей, іхныя штодзённыя праблемы і клопаты. Гэтыя праекты мо ў меншай ступені будуць скіраваныя на палітыку, хоць увесь час мы будзем займацца міжнароднаю палітыкай. Беларусь з вялікім імпэтам выйшла на  на міжнародную сцэну, гэтак склалася гісторыя. Мы ўвесь час стараемся інфармаваць грамадзянаў Беларусі пра такія падзеі. Калі я была ў Беларусі, то заўважыла, што афіцыйныя медыі зусім не прысвячаюць увагі палітыцы, прычым гэта выглядае карыкатурна. Я назвала іх працу «калыханкаю». Мы, аднак, мусім інфармаваць людзей пра свет. Цяпер ва ўнутранай палітыцы наступіў застой, але гэта не значыць, што яна ніколі не абудзіцца. У сваю чаргу, звонку Беларусі ўвесь час ствараецца гісторыя».

У наступным годзе «Белсат» будзе спрабаваць акрэдытаваць сваіх карэспандэнтаў у Беларусі на ўзор іншых замежных медыяў, якія маюць сваіх прадстаўнікоў у Беларусі, заўважыла кіраўніца незалежнага тэлеканалу.

За 8 гадоў мы сабралі вялікі архіў размоваў з цікавымі людзьмі, наведалі сотні месцаў па ўсім свеце і распавялі безліч гісторый.

Праца «Белсату» ў 5 хвілінах

Фільматэка «Белсату» за гэты час узбагацілася больш чым двума сотнямі дакументальных фільмаў і разгорнутых рэпартажаў. Шмат з іх былі ўганараваныя на прэстыжных міжнародных кінафестывалях.

Сярод сёлетніх стужак «Белсату» перамогі здабылі:

фільм «Госці» Андрэя Куцілы прызналі найлепшым дакументальным фільмам сёлетняга Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» у Менску;

дакументальны фільм «Белсату» «Амерыканка. All included» прызнаная найлепшым фільмам у польскім конкурсе Шчэцінскага Еўрапейскага кінафестывалю 2015;

стужка Андрэя Куцілы «Сваё месца» атрымала Гран-пры 21-га міжнароднага фестывалю мясцовых тэлеканалаў у Кошыцах  і бронзавая ўзнагарода 19-га Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно ў Познані).

Арышты, буйныя штрафы, ператрусы, допыты, знішчанае абсталяванне і ўзлом менскага офісу тэлеканалу – гэтак цягам 8 гадоў дзякуюць афіцыйныя ўлады Беларусі нашым супрацоўнікам за сумленную працу. Нягледзячы на ціск, для «Белсату» працуюць больш за 200 працаўнікоў у Беларусі і за яе межамі.

Мы змагаемся і ўдзячныя Вам за падтрыманне. Цешыць і тое, што значна ўзрасла колькасць наведнікаў сайту Belsat.eu. Усё больш незалежных журналістаў і фотакарэспандэнтаў хочуць супрацоўнічаюць з нашай старонкай. У нас з’явіліся новыя рубрыкі і безліч рознатэматычных аўтарскіх матэрыялаў.

Мы будзем працаваць над тым, каб у наступным годзе на «Белсаце» з’явіліся новыя праграмы, а на Belsat.eu новыя праекты.

Сачыце за навінамі на нашым сайце. Хоць нам гэтак і не ўдалося атрымаць акрэдытацыю ў Беларусі, але мы цешымся, што можам працаваць для Вас у кожных умовах!

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары