«Белсат» запрашае на паказ фільму «Палігон»


Публічны паказ стужкі пра адну з таямнічых мясцін у Беларусі і сустрэча з яго стваральніцамі адбудзецца 29 красавіка ў «Арт-сядзібе» па адрасе Менск, пр-т Незалежнасці,58, пакой 430. Пачатак а 19 гадзіне.

ўсходнім Палессі Беларусі на мяжы з Украінай раскінуўся вялізны абшар, на якім няма аніводнага населенага пункта. У 1961-1962 гады тут быў створаны найбуйнейшы ў Еўропе авіяцыйны палігон для краін – удзельніц былой Варшаўскай дамовы. Дзеля гэтага былі выселеныя жыхары шэрагу тамтэйшых вёсак.

Мерлінскі палігон быў закрыты ў 1993 годзе. Раны гэтай шматпакутнай зямлі паступова загойваюцца зарастаюць варонкі і падымаецца малады лес. Людзі з памежных беларускіх і ўкраінскіх вёсак штогод імкнуцца на балоты Мерлінскага палігону па журавіны. А шмат хто завітвае сюды да малой радзімы, да могілак, дзе пахаваны дзяды і бацькі. Героі фільма распавядаюць невядомыя факты аб гісторыі выселеных вёсак і стварэнні палігона. Дарэчы, кажуць, што над гэтымі мясцінамі рэгулярна можна назіраць розныя анамальныя з’явы!

Ці вернуцца сюды людзі, ці зноў тут будуць гучаць выбухі? Чым ёсць Радзіма ў жыцці чалавека?

Запрашаем на прагляд фільма «Палігон» з «белсатаўскага» цыклу «Невядомая Беларусь» і дыскусіі. У імпрэзе возьмуць удзел стваральніцы фільма – кінарэжысёр, лаўрэат міжнародных кінафестываляў Ірына Волах і аўтар сцэнарыя, доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская. Плануецца ўдзел аўтара музыкі да фільма, лідара гурта «Стары Ольса» Змітра Сасноўскага.

Стужка навінаў