Рэжысёр Валер Мазынскі завяршыў здымкі фільма пра Кастуся Каліноўскага. Неўзабаве прэм’ера на нашым тэлеканале.
Сцэнар напісаў гісторык Зміцер Кузменка. Пакуль аўтары стужкі спыніліся на назве «Каліноўскі: апошнія дні. Спроба рэканструкцыі», першапачаткова хацелі назваць «Галоўны вязень «Дамініканаў».
Ролю Каліноўскага выконвае актор Купалаўскага тэатру Раман Падаляка. Асноўнай здымачнай пляцоўкай стаў кляштар у Барунах (Ашмянскі раён).
Дзеянне фільма пераносіцца з рэпетыцыі актораў, якія ў нашыя дні на сцэне рэканструююць падзеі з удзелам Кастуся Каліноўскага, у часы, калі жыў сам герой, а менавіта ў апошнія дні яго жыцця.
Працягласць стужкі складзе каля 40 хвілін.
Гэта не першы фільм, які Валер Мазынскі здымае для «Белсату». Дагэтуль былі «Тутэйшыя» (дзве часткі), «І выберу Радзіму», «Глыбоцкая змова» і інш. Паглядзець гэтыя фільмы можна па спасылцы.
НМ, belsat.eu