«Белавія» абяцае апублікаваць аўдыязапіс з пагрозамі Кіева падняць у неба знішчальнікі


Паводле намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» Ігара Чаргінца, пагроза ўкраінскіх авіядыспетчараў падняць у паветра знішчальнікі, калі беларускі «Боінг» не вернецца ў кіеўскі аэрапорт «Жуляны», захаваўся на запісах перамоваў экіпажу з авіядыспетчарамі.

Раней стала вядома, што начальнік апарату кіраўніка Службы бяспекі Украіны Аляксандр Ткачук зняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што беларускаму пілоту пагражалі баявымі знішчальнікамі.

«Запіс перамоваў экіпажа з наземнымі службамі вядзецца на ўсіх самалётах. Калі спатрэбіцца, мы яго расшыфруем», – сказаў Чаргінец у каментары ria.ru.

Пасля пасадкі ў Кіеве праваахоўныя органы Украіны знялі з самалёту аднаго з пасажыраў – грамадзяніна Арменіі.

Знятага з рэйсу пасажыра ўкраінскія праваахоўнікі адпусцілі, ён вылецеў у Менск.

СБУ не афішуе інфармацыю пра асобу знятага з самалёта «Белавія» чалавека, у тым ліку і дадзеныя аб нацыянальнасці або грамадзянстве – уся інфармацыя пакуль толькі для службовага карыстання.

Медыі паведамляюць, што самалёт пасадзілі праз вядомага актывіста «Антымайдану» Армена Марцірасяна, які зʼехаў з Кіева ў Маскву ў 2014 годзе.

22 кастрычніка Міністэрства замежных справаў выклікала часовага паверанага ў справах Украіны ў Беларусі Валерыя Джыгуна. У МЗС кіраўніку ўкраінскай дыпламатычнай місіі ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з дзеяннямі ўкраінскіх праваахоўнікаў па прымусовым вяртанні самалёта «Белавіі», які ляцеў з Кіева ў Менск.

ЮВ, belsat.eu, паводле ria.ru

Глядзі таксама
Каментары