СБУ зняпраўдзіла інфармацыю пра тое, што пілоту «Белавія» пагражалі баявымі знішчальнікамі


21 кастрычніка самалёт беларускай авіякампаніі вярнулі ў кіеўскі міжнародны аэрапорт Жуляны. Праваахоўнікі хацелі пераканацца, што пасажыры не нясуць пагрозы для бяспекі Украіны.

У эфіры ўкраінскага тэлеканалу 112 кіраўнік апарату Службы бяспекі Украіны Аляксандр Ткачук заявіў наступнае: «гэты борт спакойна зрабіў адпаведныя манеўры і прызямліўся ў аэрапорце, дзе былі праведзеныя неабходныя праверачныя мерапрыемствы, каб пераканацца, што любая пагроза і нацыянальным інтарэсам Украіны, і нацыянальнай бяспекі нашай дзяржавы лакалізаваная».

Паводле Ткачука, у гэтай сітуацыі СБУ, службы аэрапорту і службы дзяржпрадпрыемства па абслугоўванню паветранага руху Украіны «Украэрарух», дзейнічалі ў межах кампетэнцыі і міжнародных правілаў палёту грамадзянскіх судоў.

Ткачук зняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што пілота змусілі пасадзіць лятак, пагражаючы падняць у паветра знішчальнікі.

«Я думаю, што крыху абсурдна лічыць, што нашыя лятальныя апараты могуць быць ужытыя супраць грамадзянскага самалёту», – заявіў прадстаўнік СБУ.

Пра пагрозы пілоту 21 кастрычніка паведамілі на сайце беларускай авіякампаніі.

zrzut-ekranu-2016-10-22-o-15-46-39

Пасля пасадкі ў Кіеве праваахоўныя органы Украіны знялі з самалёту аднаго з пасажыраў – грамадзяніна Арменіі.

Пасля дазапраўкі рэйс вылецеў у Менск, а знятага пасажыра ўкраінскія праваахоўнікі адпусцілі, ён вылецеў у Менск рэйсам «Белавіі» а 19-ай.

СБУ не афішуе інфармацыю пра асобу знятага з самалёта «Белавія» чалавека, у тым ліку і дадзеныя аб нацыянальнасці або грамадзянстве – уся інфармацыя пакуль толькі для службовага карыстання.

Медыі паведамляюць, што самалёт пасадзілі праз вядомага актывіста «Антымайдану» Армена Марцірасяна, які зʼехаў з Кіева ў Маскву ў 2014 годзе.

22 кастрычніка Міністэрства замежных справаў выклікала часовага паверанага ў справах Украіны ў Беларусі Валерыя Джыгуна. У МЗС кіраўніку ўкраінскай дыпламатычнай місіі ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з дзеяннямі ўкраінскіх праваахоўнікаў па прымусовым вяртанні самалёта «Белавіі», які ляцеў з Кіева ў Менск.

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by, 112.ua

Глядзі таксама
Каментары