Беларусы на вайне. А што пасля?


Тых, хто трымаў у руках аўтамат ды ваяваў пад бел-чырвона-белым сцягам, на радзіме можа чакаць ізалятар і допыты ў КДБ. У эксклюзіўным відэа «Белсату» грузінскі добраахвотнік Даберман заклікае Аляксандра Лукашэнку спыніць пераслед беларусаў, якія ваююць на Данбасе за свабоду Украіны.

«Мне пашчасціла ваяваць побач з беларусамі. Я іх вельмі паважаю, як ваяроў і патрыётаў. Сёння шмат хто з іх вярнуўся ў Беларусь і, паводле інфармацыі, якую мы маем, шмат хто трапіў пад раздачу Камітэту дзяржбяспекі… Беларускай ССР.  Інакш я не магу гэта назваць, – падкрэсліў Даберман. – Я хачу звярнуцца да спадара прэзідэнта Лукашэнкі: я не ведаю, хто ваюе з таго боку. Для мяне яны такія ж беларусы, але якія недзе аступіліся. А тут людзі ваююць за ідэалы і прынцыпы. За свабоду і дэмакратыю. З таго боку – за нейкі «расейскі свет», што нясе толькі «Грады» і мінамёты. Тая палітыка, што вядзецца ў дачыненні беларусаў, якія ваююць на баку Украіны і трапляюць пад рэпрэсіі КДБ на радзіме, проста ганебная».

КДБ чакае

У кастрычніку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «БелТА» распаўсюдзіла заяву старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка адносна беларусаў на Данбасе.

Паводле Вакульчыка, удзел беларусаў ва ўзброеным канфлікце ва Украіне – крымінал. «Пры гэтым няважна, на якім баку ваююць гэтыя беларусы. Гэта падпадае пад дзеянне нашага заканадаўства. У выпадку выяўлення доказаў такіх дзеянняў будзе прымацца рашэнне», – падкрэсліў кіраўнік КДБ.

Паводле беларускага заканадаўства, наймітам лічыцца асоба, што ваюе на тэрыторыі іншай дзяржавы па-за складам узброеных сілаў дзяржавы, якая з’яўляецца бокам канфлікту, ды атрымлівае за гэта грошы. За гэткае парушэнне закону пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў, з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

Дагэтуль грамадскасці стала вядома толькі пра адзін выпадак, калі КДБ схапіў меркаванага ўдзельніка добраахвотных фармаванняў. Жыхара Баранавічаў Змітра Палойку затрымалі, калі ён вяртаўся на цягніку з Украіны. Адзінаю падставаю для пераследу сталася наяўнасць ягонага прозвішча нібыта ў спісах батальёну «Данбас», апублікаваных на сайце прыхільнікаў прарасейскіх тэрарыстаў.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Пасля допыту Змітра Палойку пасадзілі на 10 дзён у ізалятар – нібыта за лаянку. Насамрэч гэты арышт патрэбны быў толькі дзеля таго, каб працягваць допыты – да арыштаванага працаўнікі КДБ прыходзілі штодзень. Аднак афіцыйна ніякіх абвінавачванняў яму не выстаўлялі, справа скончылася на забароне выезду з Беларусі «да асаблівага загаду»

«Пра Данбас нічога казаць не буду: з КДБ зацюкалі ўжо. Усё, што трэба, я ім ужо сказаў і для прэсы паўтараць не буду – не хачу новых праблем», – заявіў Зміцер Палойка журналістам «Intex-press.by» пасля выхаду на волю.

Застацца ва Украіне назаўсёды – вось адна з самых імаверных перспектываў для тых беларусаў, якія на Данбасе ваююць супраць прарасейскіх баевікоў. Аднак аказалася, што новая радзіма пакуль не да канца гатовая прыняць новых грамадзянаў.

Ваяваў на Данбасе? Грамадзянства – на агульных падставах

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Атрымаць дакладную інфармацыю пра колькасць беларусаў, якія змагаюцца ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў і якія звярнуліся па змену грамадзянства, даволі складана.

Як патлумачылі «Белсату» ў прэс-службе Адміністрацыі прэзідэнта Украіны, усе іншаземцы на агульных падставах маюць звяртацца да Дзяржаўнай міграцыйнай службы і яе рэгіянальных структураў паводле месца рэгістрацыі ва Украіне. Камісія пры Прэзідэнце Украіны з пытанняў грамадзянства, з’яўляецца апошняй інстанцыяй пры ўхваленні рашэння надання грамадзянства Украіны.

Паводле міграцыйнага заканадаўства, агульныя падставы – гэта паходжанне з Украіны, аб’яднанне з сям’ёй або значныя заслугі перад Украінай. Пры чым у любым выпадку іншаземны грамадзянін мае пацвердзіць, што жыве ва Украіне не менш як пяць гадоў, а таксама задэклараваць адмову ад папярэдняга грамадзянства.

Выключэнняў пакуль няма, нягледзячы на тое, што цяперашнія дэпутаты, камандзіры батальёнаў, у складзе якіх ваююць беларусы, некалькі разоў звярталі ўвагу кіраўніцтва краіны на неабходнасць спрашчэння працэдуры атрымання грамадзянства тым замежнікам, якія рызыкуюць сваім жыццём за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

Прапановы ў парламенце

Першым на патрэбы іншаземцаў-жаўнераў адрэагаваў найбольш  папулістычны палітык, лідар Радыкальнай партыі Алег Ляшко. На пачатку гэтага тыдня ён зарэгістраваў у Вярхоўнай Радзе Украіны законапраект са зменамі ў існае заканадаўства пра грамадзянства Украіны.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Палітык прапаноўвае выкарыстоўваць спрошчаную працэдуру атрымання грамадзянства Украіны ў дачыненні да асобаў, якія «абаранялі суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць Украіны, бралі беспасярэдні ўдзел у антытэрарыстычнай аперацыі або ваенных дзеяннях у складзе добраахвотніцкіх батальёнаў, партызанскіх атрадаў або ў іншых тэрытарыяльных фармаваннях, якія супрацоўнічалі з Узброенымі Сіламі Украіны, органамі Міністэрства ўнутраных спраў Украіны і Службы бяспекі Украіны, або пацярпелі ў выніку парушэнняў іхных правоў і свабодаў на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў сувязі са сваёй пазіцыяй або дзейнасцю, накіраванай на падтрыманне суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны».

Паводле прапаноў Алега Ляшка, патрэбна да 2-х месяцаў скараціць тэрміны ўхвалення рашэння для такіх іншаземцаў. І дастаткова судовага рашэння пра факт непасрэднага ўдзелу асобы ў антытэрарыстычнай аперацыі ці дакументальнага пацверджання пераследу за праўкраінскую пазіцыю ў краіне іхнага сталага пражывання.

«Ва ўмовах вайсковай агрэсіі шмат украінцаў сталі на абарону сваёй Бацькаўшчыны, а разам з імі, па ўласным перакананні і клічы, да абароны Украіны далучыліся замежныя грамадзяне, увайшоўшы ў добраахвотніцкія батальёны і партызанскія атрады, у выніку чаго падпадаюць пад ціск, парушэнням правоў на тэрыторыі сваё дзяржавы. Шмат хто з іх, адчуўшы сябе ўкраінцамі, імкнуцца стаць паўнавартаснымі грамадзянамі Украіны», – патлумачыў сваю ініцыятыву Алег Ляшко.

Аднак пакуль што гэта толькі праект закону, які нават не выносіўся на разгляд у парламенце.

«Ваююць добра»

[vc_single_image image=”9″ img_size=”large”]

Колькі беларусаў ваюе на Данбасе супраць баевікоў? Сёння можна казаць пра дзясяткі, а, можа, і сотні добраахвотнікаў.

«Яны не складаюць асобнага фармавання папросту таму, што яны вельмі шыфруюцца, непакояцца за свае сем’і ды сваіх сваякоў. Кожны з нас ведае беспасярэдне толькі тых беларусаў, якія ў ягоным батальёне – і тое намагаемся лішку не ведаць, а шмат каго не ведаем нават сапраўдных прозвішчаў, і не трэба! Але сустрэць іх можна амаль ў кожным батальёне, хоць бы аднаго-двух», – сказаў у інтэрвю «Белсату» Яўген Дзікі, камандзір роты батальёну «Айдар».

Першы камандзір палка «Днепр», а цяпер народны дэпутат Украіны Юрый Бяроза перакананы, што беларусы, якія ваююць за Украіну, маюць права лічыць на грамадзянства. Паводле Бярозы, у ягоным палку ваюе больш за 10 беларусаў. «І ваююць добра», – дадае Бяроза.

Ёсць беларускі атрад «Пагоня», ваююць беларусы і ў батальёнах «Данбас» і «Азоў». «Мы лічым сябе патрыётамі Беларусі, але пабачыўшы агрэсію Расеі, прыехалі дапамагаць украінскаму народу. Мы ўсе перакананыя, што Украіна пераможа і далей нас чакае змаганне за незалежную Беларусь», – так гавораць пра сябе беларусы на ўкраінскай вайне. Імаверна, што гэта і ёсць галоўная прычына, праз якую іх так не хочуць бачыць на радзіме «кампетэнтныя органы».

Зміцер Ягораў, Алена Літвінава, belsat.eu

Стужка навінаў