Супрацоўнік «Белсату» Сяргей Каласоўскі атрымаў спецыяльны прыз у Канах


Сцэнар «Саламонава гара», які напісалі беларусы Мікалай Лаўранюк і Сяргей Каласоўскі (супрацоўнік тэлеканалу «Белсат»), атрымаў спецыяльны прыз журы ScripTeast на Канскім кінафэстываліПра гэта паведамляецца ў афіцыйным акаўнце Канскага кінафэсту ў Фэйсбуку.

Сцэнар быў створаны па матывах твора «Падобны да Стынга», які напісала драматург Ірына Пісьменная. Дзеянне драмы «Саламонава гара» адбываецца ў 1996 годзе ў Чарнобыльскай зоне, дзе сустракаюцца хлопец, які ўцёк з турмы, і адзінокая пажылая жанчына, якая жыве ў адселенай вёсцы.

«Мы былі ўражаныя свежасцю і самабытнасцю апавядання гэтай незвычайнай драмы, у якой дзіўная пара выбудоўвае глыбокія адносіны ў пакінутым месцы. Гэта гісторыя пра веру, сямʼю, выжыванне і ўзаемадапамогу, але ў першую чаргу пра тое, як два вельмі розныя чалавекі знаходзяць сувязь, якая дае ім сілу і вызваляе», – адзначыла журы ScripTeast.

CANNES 2017 The Advisory Board decided to give the 2017 SCRIPTEAST SPECIAL MENTION to the script “Solomon’s Mountain”…

Publié par ScripTeast Workshops sur mercredi 24 mai 2017

«Дзякуй усім, хто падтрымліваў нас! Кіно ў нашай краіне – справа нялёгкая, і без маральнай падтрымкі тут ніяк нельга», – напісаў у Фэйсбуку Мікалай Лаўранюк.

Усяго ў конкурсе прымала ўдзел адзінаццаць сцэнарыяў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары