Беларускія мытныя піраты, або чаму не працуе Еўразійскі саюз


Еўразійскі эканамічны саюз буксуе на старце. Бізнесоўцы з Калінінградскай вобласці Расеі сутыкнуліся з гэтым яшчэ напрыканцы мінулага года. У снежні беларуская мытня затрымала 29 грузавых аўтамабіляў, якія праз нашую краіну транзітам везлі ў Расею электронную тэхніку.

Увесь тавар сканфіскавалі на карысць Беларусі. Пры гэтым калінінградскія фірмы нават не могуць атрымаць юрыдычнага пацверджання гэтага факту.

Гэтае відэа наш тэлеканал атрымаў ад кіроўцаў калінінградскіх цяжкавікоў. Здымкі зробленыя на мабільны тэлефон на складзе часовага захавання ашмянскай мытні. Сотні тэлевізараў ляжаць у памяшканні, а кіроўцам нават не тлумачаць, за што затрымалі іхны тавар.

На дзяржаныўм Першым нацыянальным тэлеканале паказалі сюжэт, у якім дакладна тлумачылася прычына затрымання тэхнікі. Мытнікі лічаць, што тэлевізары не вырабляюць ў Калінінградскай вобласці, а морам прывозяць з Кітаю ды з падробленымі дакументамі ўвозяць на астатнюю тэрыторыю Мытнага саюзу.

Каб адказаць на гэты сюжэт, Гандлёва-прамысловая палата Калінінграду запрасіла беларускіх журналістаў наведаць вобласць, каб на ўласныя вочы пераканацца, што насамрэч усё выглядае іначай, чым бачна праз аб’ектыў дзяржаўнага беларускага тэлебачання.

Сярод іншага, на БТ паказалі вось гэты дом ля калінінградскага порту. У ім, паводле дзяржаўных журналістаў, калісці выраблялі электронную тэхніку, але пасля пажару вытворчасць спынілася.

АЛЯКСЕЙ, ПРАЦАЎНІК КАМПАНІІ «РОСБАЛТ»:

«Тут ніколі не было нашай вытворчасці. Мы, калі паглядзелі рэпартаж беларускага тэлебачання, самі пайшлі ды знайшлі гэты будынак. Ніякіх адносінаў да нас ён не мае».

Фірмы аднадзёнкі, паводле БТ, працуюць па ўсё калінінградскай вобласці. Цяпер мы – у горадзе Гвардзейску, гэта каля 40 кіламетраў ад Калініграду. Уласна, у гэтым доме пад адрасам Станцыённая, 6 нашыя дзяржаўныя калегі западозрылі інаванне ілжэпрадпрымальніцкай структуры, якая вырабляе тэлевізары. Але, насамрэч, адрас сапраўднага вытворцы папросту супадае з гэтым. І нашыя калегі паленаваліся спраўдзіць гэты факт.

ЭГІДЗІЮС УЛЬЧЫНАС, ГАЛОЎНЫ КАНСТРУКТАР, КАМПАНІЯ «ТЕЛЕБАЛТ»:

«Усю камплектацыю мы атрымліваем на свой склад. Пастаўляем на лінію, згодна плану вытворчасці, і вырабляем. У нас асобны ўчастак, дзе мы вырабляем электронныя платы тэлевізараў».

Мясцовага выраблення ў калінінградскіх тэлевізарах – толькі электронныя платы. Але, паводле расейскага заканадаўства, гэтага дастаткова, каб сабраны тавар лічыўся лакалізаваным і, адпаведна, мог свабодна перамяшчацца па тэрыторыі адзінай эканамічнай прасторы. Тутэйшыя вытворцы падазраюць, што канфіскацыя беларускай мытняю іхнага тавару – гэта вынік нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку беларускіх заводаў, якія вырабляюць аналагічную тэхніку. Але ў адрозненне ад расейскіх калегаў яны не маюць тых ільготаў, якія існуюць у Калінінградзе. Зрэшты, адно з абвінавачанняў беларускай мытні – якраз нясплата падатку на даданую вартасць.

ВІКТАР БАРЫСЕНКА, ГЕНДЫРЭКТАР, КАМПАНІЯ «ТЕЛЕБАЛТ»:

«Калі нехта кажа, што мы без ПДВ працуем, то я заяўляю мытным органам Рэспублікі Беларусь: мы з ПДВ працуем і аплочваем ПДВ. На якой падставе ў нас сканфіскавалі тавар»?

Калінінградскія вытворцы ўжо падлічылі памер шкоды, якую атрымалі ад дзеянняў беларускай мытні, – RUR 250 млн. Гэта $ 5 млн паводле стану на пачатак снежня.

Да развязання сітуацыі падключылася мясцовая Ганлёва-прамысловая палата, а таксама чыноўнікі. Паводле калінінградскай мытні, іхныя беларускія калегі ўвогуле не мелі права затрымліваць фуры з электронікаю, бо яны ішлі праз Беларусь транзітам. Умоўна кажучы, калі да тавару не маюць прэтэнзіяў расейцы, то і ў беларусаў іх узнікаць не мусіць. Беларускія суды ўвогуле не даюць адказаў, бо паводле дакументаў тавар сканфіскавалі ў нявызначаных асобаў. Пакуль пазітыўных зменаў у сітуацыі не заўважна.

МАРЫНА ФІЦАК, ВІЦЭ-ПРЭЗІДЭНТ КАЛІНІНГРАДСКАЙ ГПП:

«Гэтая сітуацыя можа развязацца толькі на ўрадавым узроўні. Бо тут няма віны нашых і беларускіх прадпрыемстваў. Тут трэба развязваць праблему зусім на іншым узроўні».

Калінінградскі бізнес развязвае праблему на сваім узроўні ды робіць гэта, як можа. Спадзеваў на тое, што ў іх атрымаецца вярнуць сканфіскаваную тэхніку ці прынамсі грошы за яе, ужо ніхто не мае. Замест гэтага вытворцы засвойваюць новыя маршруты дастаўкі тавару з Калінінграду ў, як тут кажуць, вялікую Расею.

ВІКТАР БАРЫСЕНКА, ГЕНДЫРЭКТАР, КАМПАНІЯ «ТЕЛЕБАЛТ»:

«Не толькі мы, каго гэта закранула, перайшлі на транзіт праз Літву і Латвію, каб на Маскву адпраўляць тавар. Я ведаю нават мэблевых вытворцаў, і мясапераапрацоўка… Шмат хто стаў праз Латвію адпраўляць».

Але такі маршрут даражэйшы і даўжэйшы для калінінградскіх бізнесоўцаў. У выніку мясцовыя заводы вымушаныя згортваць вытворчасці. Аб’ёмы вырабу тэлевізараў і іншай тэхнікі тут значна скараціліся яшчэ і ў выніку дэвальвацыі расейскага рубля. Праблемы ж на беларускай мытні добра сведчаць пра тое, што пакуль Еўразійскі эканамічны саюз – утварэнне, хутчэй, папулістычнае. Практычнай карысці ад яго не бачна, а вось шкода ад нескардыянаваных дзеянняў дзяржаўных органаў – навідавоку.

Аляксей Мінчонак, belsat.eu

Стужка навінаў