Беларускія медыкі першыя ў свеце перасадзілі трахею


Тры месяцы таму аперацыю зрабілі 65-гадоваму жыхару Рагачову.

Анатоль Хлапкоў даведаўся пра рак напрыканцы 2014-га. Ён ужо быў на пенсіі, а перад гэтым працаваў у дарожным будаўніцтве. І хаця, паводле Хлапкова, умовы былі шкодныя, сама праца пад такую катэгорыю не падпадала. Мужчына прызнаўся журналістам NAVINY.BY, што паліў каля 40 гадоў, кінуў яшчэ перад выкрыццём хваробы.

«Кінуў яшчэ да таго, як захварэў – хацеў жонцы зрабіць падарунак. Аднак усё роўна было балюча глытаць і цяжка дыхаць. Аказалася, што ў мяне рак», – кажа ён.

Рак выявілі на позняй стадыі, хоць Анатоль практычна штогод рабіў флюараграфію.

trahejaАнкалагічныя захворванні на ранніх стадыях, як правіла, сябе не праяўляюць, а рак не выяўляецца на флюараграфіі – толькі на камп’ютарнай тамаграфіі. Здаровым людзям, старэйшым за 50 гадоў, тамаграфію трэба рабіць кожныя тры гады: за такі тэрмін рак развіваецца ад пачатковай да трэцяй або чацвёртай стадыяў. У Рагачове Анатолю Хлапкову тамаграфію не рабілі.

«У мяне не было выбару – згаджацца на аперацыю ці не. Жыць хочацца, у мяне двое маленькіх унукаў, сын. У мяне было імкненне да жыцця і вера ў людзей. Я вельмі ўдзячны медыкам за тое, што яны зрабілі », – сказаў Анатоль Хлапкоў.

Перасадка трахеі з дапамогай тканкаінжынернага пратэза адбылася ўпершыню ў свеце. Метад заснаваны на адаптацыі донарскай трахеі да ўжыўлення ў арганізм пацыента. Для гэтага трахею донара ачышчаюць ад клеткавых элементаў і потым ужыўляюць на некаторы час у жывот пацыента, каб яна засялілася падрыхтаванымі загадзя ягонымі ствалавымі клеткамі.

Падчас аперацыі Анатолю Хлапкову выдалілі кавалак ягонай трахеі, які замянілі пратэзам.

Хірург Уладзімір Жаркоў кажа, што важна не столькі тое, што беларускія лекары першымі пачалі ўжываць такі метад, а тое, што гэты метад – «новая магчымасць ратаваць чалавечыя жыцці».

traheyaАперацыя праводзілася ў рамках навуковай праграмы РНПЦ. Дзяржава выдаткавала на яе каля $ 125 тысячаў, яшчэ $ 25 тысячаў даклаўРНПЦ – са сродкаў, заробленых  на пазабюджэтнай дзейнасці.

Дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалогіі і медычнай радыялогіі Алег Суконка адзначыў, што поспех праграмы даказаў Міністэрству аховы здароўя яе значнасць.

Паводле прафесара, сурʼёзныя выдаткі, аднак, зусім не гарантавалі поспеху, бо «навуковыя дасягненні на заказ не робяцца».

У Беларусі ў выпадку няўдачы навуковага праекту, неабходна вяртаць дзяржаўныя сродкі, выдзеленыя на яго. На шчасце для ўсіх, праект па перасадцы трахеі аказаўся паспяховым.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары