Беларускія і кітайскія дэсантнікі правядуць пад Берасцем антытэрарыстычныя вучэнні


У Беларусь прыбылі вайскоўцы-дэсантнікі Народна-вызваленчай арміі Кітаю.

Згодна з планам асноўных мерапрыемстваў міжнароднай вайсковай супрацы на 2015 год, яны возьмуць удзел у сумесных беларуска-кітайскіх антытэрарыстычных вучэннях (трэнаванні) «Імклівы арол – 2015», паведамляюць naviny.by са спасылкай на прэс-службу Міністэрства абароны Беларусі.

З беларускага боку ў вучэннях возьме ўдзел мабільная рота 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады спецыяльных аперацый Узброеных сіл.

Вучэнні пройдуць з 15 па 27 чэрвеня на палігоне Берасцейскі, дзе будуць адпрацоўвацца дзеянні пры выкананні антытэрарыстычных задач.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла таксама пра камандна-штабное вучэнне з сіламі тэрытарыяльнай абароны Гомельскай вобласці, якія патрываюць да 18 чэрвеня.

«Падчас вучэння плануецца адпрацаваць пытанні паэтапнага ўмацавання Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на паўднёвым кірунку», – паведамляе Мінабароны.

У пачатку чэрвеня з’явілася інфармацыя, што беларускае войска сцягваецца да мяжы з Украінай.

7 чэрвеня пачалася серыя вайсковых вучэнняў краін НАТО ва Усходняй Еўропе. Вучэнні працягнуцца да 20 чэрвеня, у іх прымуць удзел больш за 15 тыс. жаўнераў з 19 краін, паведамляе hromadske.tv

МЯ, belsat.eu, паводле naviny.by, hromadske.tv, mil.by

Стужка навінаў