Беларускія гісторыкі аб’ядналіся ў Гільдыю


Грамадская арганізацыя «Гільдыя беларускіх гісторыкаў» заклікала дапамагаць прафесійным гісторыкам і аматарам рэалізавацца. Асабліва тым, што праз дзяржаву засталіся без працы.

Патрэбу ў «Гільдыі» стварыла дзяржава

«Гільдыя» паўстала на базе «Асацыяцыі вольных гісторыкаў», што працавала каля пяці гадоў.

На першым арганізацыйным сходзе ў чэрвені прысутнічалі 18 чалавек – як прафесійныя навукоўцы, так і краязнаўцы, аматары, гіды. Далучыліся гісторыкі, што працягваюць працаваць ва ўніверсітэтах, у Акадэміі навук. Былі прынятыя Статут і Платформа арганізацыі.

У Раду ўвайшлі як менчукі, гэтак і прадстаўнікі вобласцяў. Сярод іншых – Андрэй Кіштымаў, Сяргей Тарасаў, гомельскі гісторык Валянціна Лебедзева, Андрэй Аляхновіч, Валянціна Болбат, Вячаслаў Болбат, Вячаслаў Швед.

Як распавяла гісторык і старшыня новастворанай арганізацыі Ніна Стужынская, мэту стварэння «Гільдыі» прадыктавала існая сітуацыя ў дзяржаве, і тое, што адбываецца ў беларускай гістарычнай навуцы.

«Так атрымліваецца, што шмат таленавітых гісторыкаў у нашай краіне апынуліся па-за межамі акадэмічнай навукі. І гэта цяжка – адчуванне прафесійнай незапатрабаванасці, адсутнасць магчымасці рэалізавацца, – кажа старшыня «Гільдыі». – Мы хацелі стварыць арганізацыю, якая зможа аб’яднаць гісторыкаў, нават тых, што «па розныя бакі барыкадаў», дапамагчы ім, абараніць інтарэсы, асабліва ў цяжкіх сітуацыях, якія, на жаль, у нас для прафесійных гісторыкаў стварае дзяржава».

Спадарыня Стужынская заўважае, што з пачатку 90-х гадоў у Беларусі былі звольненыя амаль тры дзясяткі прафесійных гісторыкаў.

«Гэта вельмі сумна, калі са свету акадэмічнай навукі выкрэсліваюць тых гісторыкаў, якія маюць багаты досвед, працуюць прафесійна і сумленна», – кажа старшыня «Гільдыі». І звяртае ўвагу на іншую тэндэнцыю – кампіляванне гістарычных працаў ды выдаванне гэтага за свае «ўнікальныя даследаванні».

«Такіх злодзеяў ад гісторыі трэба хапаць за руку. Трэба абараніць аўтарскае права гісторыкаў і грамадства ад таннай псеўдагістарычнай прадукцыі, якой у нас апошнім часам стала шмат».

І з прадзяржаўнымі гісторыкамі трэба весці дыялог

«Гільдыя» плануе выданне навуковай і папулярнай гістарычнай літаратуры. Таксама арганізацыя закліканая актывізаваць сувязі паміж гісторыкамі як унутры краіны, так і міжнародныя, «каб навуковае слова нашых гісторыкаў прагучала на Захадзе».

Ніна Стужынская кажа, што будуць рабіцца ўсе захады, каб зарэгістраваць «Гільдыю» як грамадскую арганізацыю. Калі не атрымаецца ў Беларусі, то за мяжой. Старшыня «Гільдыі» зазначае, што «нацыянальная гісторыя – гэта аснова нацыянальнай гуманітарнай бяспекі краіны, інструмент для будавання ідэнтычнасці, падмурак нацыі». Таму, каб яе ўратаваць, і з «прадзяржаўнымі» гісторыкамі трэба весці дыялог.

«Мы жывем у такой дзіўнай сітуацыі, што ў нас амаль у любой сферы ёсць «чэсныя» і «нячэсныя». Існуюць нібы дзве Беларусі: адна – дэмакратычная, накіраваная на Еўропу, другая – збольшага яшчэ савецкая, якая глядзіць на Усход. Таму існуе вялікая розніца каштоўнасная, і такі падзел меркаванняў і поглядаў. Але гісторыя будуецца на фактах. Таму вельмі важна весці дыялог, з любымі групамі, каб гэтую падзеленасць пераадолець», – кажа гісторык.

Гарадзенскі гісторык Вячаслаў Швед, звольнены за сваю прафесійную дзейнасць з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту ім.Я.Купалы, зазначае, што задачы перад «Гільдыяй» ставяцца перш за ўсё прафесійныя, а не палітычныя. Паводле гісторыка, ніхто з сябраў «Гільдыі» не належыць да партыяў ці нейкіх рухаў. Хоць, у той жа час, шмат хто пацярпеў менавіта праз палітыку.

«У нас ёсць гісторыкі прафесійныя, але, на жаль, і тыя, што падтасоўваюць факты, – кажа спадар Швед. – І дзяржаве, на жаль, больш падабаюцца тыя другія, паслухмяныя. А тыя, хто працуе сумленна, недаспадобы і кіраўніцтву ўніверсітэтаў, і ўвогуле ўладам. Праз аб’ектыўнасць і прафесіяналізм мы будзем змагацца з гэтымі праблемамі».

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў