Беларускім дзецям – беларускія сшыткі


Пад такім лозунгам Партыя БНФ абвесціла пра раздачу сшыткаў з нацыянальнаю сімволікаю. Проста ў падарунак.

АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ, СТАРШЫНЯ ПАРТЫІ БНФ:

“Мы хочам, каб як мага большая колькасць беларускіх дзяцей мела магчымасць пайсці ў школу, маючы вось такія сшыткі з беларускім нацыянальным арнаментам, з беларускімі нацыянальнымі сімваламі. Тут Пагоня ёсць. Каб ужо з маленства дзеці разумелі, якія сапраўдныя сімвалы Беларусі”.



Наклад сшыткаў Партыя БНФ адмыслова замовіла ў дызайнераў. Аналагічную акцыю з раздачаю ладзіць і рух “Гавары праўду!”. Толькі на сшыткі яны лепяць сваю партыйную сімволіку.

ІГАР ДРАКО, «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»:

“Сшыткі самі трох відаў. Там табліца множання, верш Ларысы Геніюш “Наша мова”, а таксама алфавіт”.

Яшчэ адзін апазіцыйны рух – “За свабоду” – падарыў такія ж сшыткі бацькам, якія змагаліся за беларускамоўныя класы для сваіх дзяцей.

Вучыць беларускую мову ў Дзень ведаў заклікала і магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы разам з кампаніяй “Cukerki.by”. Валанцёры зладзілі раздачу айчынных слодычаў. Але ў абмен на веданне мовы, дакладней, за пераклад трох беларускіх словаў на расейскую.

АЛЕГ ДЗЬЯЧКОЎ, ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ:

“Ёсць некаторыя складаныя словы, напрыклад, “відэлец” мала хто можа адгадаць. А вось “хвіліна”, “калі ласка” – гэта ведаюць амаль што ўсе, 90 %”.

Магілёўцы рэагуюць на такі вулічны конкурс станоўча.

НІНА І АЛЕНА, ВАЛАНЦЁРКІ «САЛОДКАГА ДНЯ ВЕДАЎ»:

“Асабліва моладзь. Яны заўсёды больш рэагуюць эмацыйна і пазітыўна, і з задавальненнем. І для іх няма праблемы”.

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:

“Мы ўсе словы ведалі, апроч слова “патэльня” і “кола”.

“Вавёрка” – гэта “белка”, “калі ласка” – гэта “пожалуйста”, “дыван” – гэта “ковёр”.



Так што беларуская мова можа быць не толькі мілагучная, але і салодкая.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў