Беларускі верталёт скінуў на лес у Латвіі 200 тонаў вады


Цягам 27 ліпеня верталёт Мі-8 авіяцыі МНС працягнуў тушыць лясны пажар каля гораду Талсі.

Борт верталёту абсталяваны адмысловай вадазліўнай прыладаю і можа забіраць з вадаёмаў да трох тонаў вады. У пятніцу пілоты набіралі і скідвалі ваду 74 разы.

Апроч беларускіх ратаўнікоў пажар тушаць лётчыкі з Латвіі і Літвы. Паводле ўсіх экіпажаў, ім замінаў працаваць моцны вецер.

Лётчыкі з Міністэрства па надзвычайных справах працавалі ў небе больш за дзевяць гадзінаў

Прэсавая служба МНС адзначае, што без працы верталётчыкаў учорашні дзень прывёў б да катастрафічнага павелічэння плошчы пажару.

Беларускі Мі-8 вылецеў на тушэнне 26 ліпеня пасля таго, як Латвія звярнулася па міжнародную дапамогу. Паводле ацэнак экспертаў, пажар пад Талсі будуць тушыць яшчэ некалькі дзён. На месцы працуюць як прафесійныя пажарныя, гэтак і добраахвотнікі.

Беларускія пілоты маюць досвед у тушэнні лясных пажараў на верталётах у Грэцыі, Расеі і Турцыі.

ДД

Стужка навінаў