Беларускай і расейскай моваў у школе будзе пароўну


А фізіку школьнікі будуць вывучаць не з 6-га, а з 7-га класа. Міністэрства адукацыі зацвердзіла вучэбны план на наступны навучальны год.

У 2016/2017 навучальным годзе адбудзецца шэраг зменаў – перадусім, у колькасці гадзінаў, адведзеных на той або іншы прадмет.

Гэтак, прадугледжваецца аднолькавая колькасць гадзінаў па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Беларуская літаратура», «Расейская мова» ды «Расейская літаратура» ў школах з навучаннем па-расейску і па-беларуску. Паводле новых правілаў пачнуць вучыцца тыя, хто ў верасні пойдзе ў 2-і клас.

У адпаведнасці з пунктам дырэктывай прэзідэнта «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны», зацверджанай Лукашэнкам летась, у школы паэтапна ўвядуць прадмет «Асновы бяспекі жыццядзейнасці». У 2016/2017 навучальным годзе яго будуць вывучаць вучні 2-іх і 6-ых класаў.

З пераліку навучальных прадметаў для вучняў 6-га класа выключаная «Фізіка» – яна распачнецца ў 7-ым.

Паводле абноўленай вучэбнай праграмы павялічваецца колькасць гадзінаў на прадмет «Працоўнае навучанне» ў 6-ым класе. У бягучым годзе шасцікласнікі займаюцца працай толькі адну гадзіну на тыдзень.

ДД, belsat.eu; фота: belapan.by

Глядзі таксама
Каментары