Беларуса заманілі ў Валгаградскую вобласць і забілі за $ 3 тыс.


Жыхар Беларусі паехаў у Расеі набываць аўта, паездка скончылася трагедыяй.

У горадзе Камышын Валгаградскай вобласці яго забілі кувалдай. Забойцам аказаўся 29-гадовы мясцовы жыхар, які размясціў у інтэрнэце абвестку аб продажы аўта.

Пры гэтым аўта належала прыяцелю зламысніка, а гаспадар машыны нават не ведаў пра абвестку.

7 лютага 2016 года беларус асабіста паехаў у Камышын, каб заключыць здзелку. Прадавец і пакупнік сустрэліся ў гаражным боксе, які зламыснік арандаваў для рамонту аўтамабіляў.

Ведаючы, што пакупнік мае пры сабе вялізную суму грошай (каля 200 тыс. расейскіх рублёў альбо $ 3150), жыхар Камышына нанёс яму кувалдай некалькі ўдараў па галаве, скраў грошы, у той час як цела забітага вывез на аўце аднаго са сваіх кліентаў і схаваў на тэрыторыі закінутых могілак.

Расейскія праваахоўнікі распачалі крымінальную справу паводле артыкулаў 159 Крымінальнага кодэксу Расеі «Махлярства», 162 «Разбой, здзейснены з нанясеннем цяжкай шкоды здароўю пацярпелага» і 105 «Забойства, спалучанае з разбоем».

Падчас расследавання абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну.

НМ, belsat.eu, паводле V1.ru

Стужка навінаў