Беларуса, які адбыў два гады ў расейскай калоніі за рэпост у сацсетках, зноў затрымалі


Паліцэйскія затрымалі Кірыла Сілівончыка на выхадзе з калоніі і адвезлі ў Ніжні Ноўгарад.

Паводле «Ніжагародскага Палітычнага чырвонага крыжа», Сормаўскі раённы суд зноў пазбавіў Сілівончыка свабоды. Хлопца змясцілі ў цэнтр часовага ўтрымання для мігрантаў, паколькі ў дачыненні да яго была вынесена рашэнне аб дэпартацыі.

У сваім Facebook Ірына Халіп напісала, што ў спецізалятары яго могуць пратрымаць да трох месяцаў.

«Сябры, дрэнная навіна для ўсіх, хто чакаў вызвалення Кірылы Сілівончыка з ніжагародскай калоніі. Сёння, 16 снежня, з калоніі яго вызвалілі, але тут жа адправілі ў міграцыйную турму – пры тым, што адміністрацыяй выпраўленчай калоніі для яго быў набыты квіток на цягнік. Па наяўных бедных звестках, яго арыштавалі на тры месяцы. А Кірыла спадзяваўся Новы год сустрэць удома. Падрабязнасці буду высвятляць. Сябры-праваабаронцы з Расеі, спадзяюся на вашу дапамогу», – напісала журналістка.

Тэрмін зняволення 23-гадовага гамельчука скончыўся 16 снежня. У Ніжнім Ноўгарадзе ён працаваў сістэмным адміністратарам на адным з заводаў. Яго арыштавалі ў снежні 2014 года за публікацыю малюнка ў «Вконтакте», на якім украінскі жаўнер душыць і разрывае двухгаловага арла, у якога замест хваста расейскі трыкалор. Таксама яму інкрымінавалі рэпост малюнка «Крым – Украіна».

Сілівончыка прызналі вінаватым у «публічных закліках да тэрарызму за пасты ў сацыяльных сетках» і ў красавіку 2015 года асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні. Сёлета ў верасні яму адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары