Беларусь трапіла ў топ-5 самых перспектыўных для расейцаў турыстычных кірункаў у СНД


Беларусь трапіла ў пяцёрку самых перспектыўных для жыхароў Расеі турыстычных кірункаў сярод краін СНД у 2016 годзе, па версіі турыстычнага парталу Travel.ru.

Рэйтынг складзены паводле дадзеных росту браніравання гатэляў і апартаментаў за апошні год турыстамі, якія падарожнічаюць самастойна, паведамляе сайт.

Паводле дадзеных Travel.ru, пражыванне ў паездцы ў краінах СНД абыходзіцца ў сярэднім у 3 тыс. расейскіх рублёў у содні. Краіны СНД прывабныя для расейскіх турыстаў невысокімі цэнамі на адпачынак, развітой інфраструктурай, бязвізавым уездам і тым, што шмат якія мясцовыя жыхары гавораць на расейскай мове.

Беларусь замыкае пяцёрку краін СНД паводле росту папулярнасці адпачынку сярод расейцаў. Паведамляецца, што ў нашу краіну ў 2015 годзе прыехала 300 тыс. турыстаў, з якіх больш за палову – з Расеі. Яны едуць у Менск, Віцебск, Гомель, Горадню, Берасце, на гарналыжны курорт Лагойск і возера Нарач.

Лідаруе ў рэйтынгу краін Азербайджан, які ў 2015 годзе прыняў больш за 2 млн турыстаў. Далей ідуць Арменія, Кыргызстан (па 1,2 млн турыстаў у год) і Казахстан – 500 тыс. турыстаў у год.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў