Беларусь працягвае здымаць вяршкі з расейскага эмбарга


Наша краіна пацвярджае статус «галоўнага бенефіцыяра» ад харчовага эмбарга, уведзенага Расеяй супраць шэрагу краінаў, піша ej.by.

Беларусь апынулася адзінай дзяржавай, якая стала прадаваць расейцам больш ялавічыны ў першым паўгоддзі. Беларуская доля ў структуры паставак вырасла з 70% да 90%.

На фоне агульнага зніжэння імпарту замарожанага мяса Расеяй беларускія пастаўкі выраслі да 8% (55% у структуры расейскага імпарту прыпадае на Бразілію, 33% – на Парагвай).

Больш чым на траціну павялічыўся імпарт беларускіх сыроў і тварагу. У структуры паставак на іх долю прыходзіцца 75%. Пры гэтым агульны імпарт сыроў і тварагу Расея скараціла на 46%. Так, краіны ЕЗ знізілі пастаўкі ў 14 разоў, іх доля ў структуры імпарту ўпала да 10%.

Расея таксама скараціла імпарт сметанковага масла. Але не Беларусь і Уругвай, якія павялічылі пастаўкі масла ў РФ.

Расея знізіла пастаўкі яблыкаў і груш (на 20%), вінаграду (на траціну). Тым не менш, Беларусь і тут засталася ў выйгрышы, павялічыўшы аб’ём паставак сваёй садавіны. Так, яблыкаў і груш з Беларусі ў Расею было пастаўлена ў 2,5 разы больш чым летась. Варта адзначыць, што нашыя айчынныя пастаўшчыкі ў чатыры разы павялічылі пастаўкі кавуноў і дыняў. Зрэшты, аб’ём экспарту гэтай «няпрофільнай» для Беларусі прадукцыі нязначны.

ЮВ, belsat.eu, паводле ej.by

Стужка навінаў