Беларусь мала прадае. Беларусы застануцца без грошай


Угнаенне і нафтапрадукты. Экспарт гэтых дзвюх групаў тавараў забяспечвае каля чвэрці валютнай выручкі нашай краіны. А прыбыткі з іх дазвалялі субсідаваць усе астатнія стратныя заводы і калгасы.

На пачатку гэтага года выручка ад названых грашовых кароваў рэзка абвалілася.

«Зніжэнне коштаў на энерганосьбіты на пачатку года адбылося ў два разы, у параўнанні з леташнім», – распавядае Уладзімір Арцюгін, эканамічны аглядальнік.

Прычым доўгачаканае падаражэнне нафты, якое не спыняецца апошнімі месяцамі, як выявілася, прычыняе Беларусі яшчэ большыя страты. Бо сусветныя кошты нафтапрадуктаў у гэты ж самы час працягваюць падаць. У выніку розніца паміж коштам сырой нафты, якую Беларусь купляе, і вырабленых з яе нафтапрадуктаў, якія нашая краіны прадае, зменшылася з пачатку года ўдвая. Улады спрабавалі скампенсаваць страты за кошт кантрабандавага рээкспарту расейскіх нафтапрадуктаў. Але ў сакавіку Масква прыкрыла гэты канал.

«Тое, што мы імпартуем, напрыклад, замежнае абсталяванне, таннее не так хутка, як тое, што мы можам экспартаваць: кошты на гэта ўпалі даволі моцна», – тлумачыць Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык кампаніі «Alpari»

Што праўда, рост коштаў на нафту паспрыяў расейскаму рынку, запаволіўшы яго падзенне. А рынак цяжкавікоў, да прыкладу, наадварот, павялічыўся на 8 %. Але ж айчыннаму МАЗу гэта не дапамагло. Яго продажы за гэты час наадварот абваліліся на траціну.

«Для Расеі, яе вытворцы карыстаюцца большым прыярытэтам перад замежнымі……хоць і Мытнага саюзу», – зазначае Уладзімір Арцюгін

Адмыслоўцы канстатуюць: пасля развалу калійнага і нафтавага сусветных картэляў кошты на сыравіну не вернуцца. А расейскі рынак і надалей будзе закрывацца, у тым ліку адміністрацыйнымі метадамі. Таму пры існай эканамічнай мадэлі, зарыентаванай на продаж сыравіны на захад і тэхнікі на ўсход, беларускі экспарт будзе надалей падаць, а імпарт, наадварот, працягне даражэць. Для павелічэння прыбыткаў насельніцтва гэткі сцэнар шанцаў не пакідае.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў